Напярэдадні Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа па ўсёй краіне беларускія энергетыкі правялі памятныя аўтапрабегі. Іх маршрут прайшоў праз месцы вайсковай славы і ваенныя пахаванні. У нашым раёне да акцыі далучыліся работнікі Пружанскіх электрасетак і філіяла «Аграэнерга Зеляневічы» РУП «Брэстэнерга».

Фінальнай кропкай памятнага аўтапрабегу стаў помнік «Спаленым вёскам» у г.Пружаны, дзе адбыўся мітынг-ушанаванне памяці ахвяр фашызму. У ім прынялі ўдзел навучэнцы школ горада і простыя гараджане.
17 гадоў таму на вуліцы Савецкай быў устаноўлены гэты помнік. Як расказаў начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Аляксандр Момлік, сімвалізуе ён тую боль, што давялося перажыць нашаму народу.

Пра наступствы акупацыі падчас урачыстага мерапрыемства расказала навуковы супрацоўнік музея-сядзібы «Пружанскі палацык» Таццяна Антанюк. Сапраўды, лічбы ўражваюць нават і зараз, амаль праз 80 гадоў. Таму мы павінны памятаць і, як зазначыў намеснік дырэктара ПЭС Юрый Русецкі, перадаць свяшчэнную памяць іншым пакаленням.

Напрыканцы мітынгу ўдзельнікі аўтапрабегу і жыхары горада ўсклалі да помніка вянкі і кветкі.
Алег Сідарэнка, фота аўтара