Понедельник, 2 декабря 2024

Пружанскія грамадскія інспектары сталі лепшымі ў вобласці

409

Прадстаўнікі Пружаншчыны сталі пераможцамі абласнога агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю прафсаюзамі грамадскага кантролю за выкананнем заканадаўства аб ахове працы.

Старшыня Брэсцкага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Мікалай Шум і Марыя Грышкевіч

Пераможцаў абласное прафсаюзнае аб’яднанне вызначала па выніках работы ў 2022 годзе. Усяго для ўдзелу ў аглядзе-конкурсе заявіліся 14 прафсаюзных камітэтаў, 8 грамадскіх камісій і 13 грамадскіх інспектараў па ахове працы.

На мінулым тыдні ў Брэсце адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў. Званне «Лепшая грамадская камісія па ахове працы ў 2022 годзе» і адпаведны дыплом атрымала камісія Пружанскага КУВП «Камунальнік» (старшыня камісіі Ігар Ляшэвіч). Такога ж звання ўдастоена грамадская камісія Пружанскай ЦРБ, узначальвае якую Марыя Грышкевіч.

Лепшым грамадскім інспектарам па ахове працы ў 2022 годзе сярод іншых названа Марына Барташ, загадчык аддзела матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння і гаспадарчага абслугоўвання Пружанскай РЦКС. Яна ўдзельнічала ў агульнарэспубліканскім аглядзе-конкурсе на лепшае ажыццяўленне грамадскага кантролю за выкананнем заканадаўства аб ахове працы прафсаюзнымі арганізацыямі, якія знаходзяцца на абслугоўванні ў Беларускім прафсаюзе работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму. І па выніках рэспубліканскага конкурсу грамадскаму інспектару Марыне Барташ прысуджана першае месца.

Таксама па выніках абласнога конкурсу старшыні прафкама Пружанскага КУВП «Камунальнік»  Людміле Мазюк уручана падзяка Савета абласнога аб’яднання прафсаюзаў за актыўную работу і ўдзел у абласным аглядзе-конкурсе.

Старшыня Брэсцкага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Мікалай Шум і Марына Барташ

Узнагароды пераможцы атрымлівалі з рук старшыні Брэсцкага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Мікалая Шума.