Понедельник, 8 июня 2026

Пружанскія гімназісты пабывалі на экскурсіі ў Савеце Рэспублікі

538

На мінулым тыдні вучні 11-х класаў гімназіі г. Пружаны здзейснілі экскурсію ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Мэтай экскурсіі стала практычнае замацаванне матэрыялаў аб прававой і заканадаўчай сістэме нашай дзяржавы, якія вывучаюцца на ўроках грамада-знаўства. Для школьнікаў была праведзена грунтоўная экскурсія па залах Савета Рэспублікі, падчас якой гімназісты даведаліся пра гісторыю самога будынка Савета, атрымалі звесткі пра тое, як стваралася верхняя палата нашага парламента.

У зале пасяджэнняў адбылася сустрэча вучняў са старшынёй пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Міхаілам Русым. Сенатар расказаў гімназістам пра бягучую сітуацыю ў краіне ў галіне эканомікі, унутранай і знешняй палітыцы. Міхаіл Іванавіч адказаў на актуальныя пытанні, якія цікавілі моладзь.

У нязмушанай абстаноўцы ўдзельнікі дыялогу абмяняліся думкамі наконт развіцця і будучыні нашай Беларусі і прыйшлі да адназначнай высновы: мы глядзім у будучыню краіны з аптымізмам і ўпэўненасцю.

Сяргей Саскевіч, настаўнік грамадазнаўства гімназіі г. Пружаны