Суббота, 8 февраля 2025

Пружанскія фігурысты занялі прызавыя месцы на міжнародных спаборніцтвах “Ice Star 2020”

871

Пружанскія фігурысты працягваюць годна заяўляць пра сябе. Зусім нядаўна мы расказвалі пра поспехі спартсменаў на адкрытым першынстве раёна, што праходзіла на роднай для іх арэне. А вось напрыканцы мінулага тыдня сталічная “Алімпік Арэна” прымала міжнародны турнір па фігурным катанні “Ice Star 2020”. І ў чарговы раз падапечныя трэнера Вольгі Уважанай вярнуліся са шматлікімі ўзнагародамі.


Узровень спартсмена вызначаецца яго дасягненнямі, узровень турніру – геаграфіяй і колькасцю ўдзельнікаў. “Ice Star” больш за 10 гадоў збірае ў Мінску вядучых беларускіх і замежных фігурыстаў. Сёлета, нягледзячы на эпідсітуацыю, сюды прыехалі спартсмены з дзесяці краін свету, былі прадстаўнікі нават з Кіпра. Гонар нашага Лядовага палаца абараняла каманда ў складзе 12 чалавек.

У першы дзень спаборніцтваў, 29 кастрычніка, вызначыліся Сафія Рахуба і Васіль Барахоўскі. Яны выступалі ў катэгорыі “Advanced Novice” (перспектыўныя фігурысты-пачаткоўцы). Сярод дзяўчат 2009-2010 г.н. Сафія заняла другое месца ў кароткай праграме, а ў адвольнай ёй увогуле не было роўных. Бліскучае выступленне дапамагло фігурыстцы стаць першай у сваёй групе. Такая ж сітуацыя і ў Васіля Барахоўскага: другое месца ў кароткай праграме і першае ў адвольнай выліліся ў залатую ўзнагароду сярод юнакоў-пачаткоўцаў.

31 кастрычніка стала зорным днём для Мікалая Казлова: фігурыст узяў “золата” ў кароткай праграме сярод юнакоў-юніёраў. Медальную скарбонку сярэбранай узнагародай папоўніла і Мілана Рамашова, якая выступала ў катэгорыі дзяўчат-юніёрак. У заключны дзень спаборніцтваў гэтым спартсменам удалося заняць такія ж месцы, але ўжо ў адвольнай праграме. Такім чынам, у выніковых пратаколах у сваіх катэгорыях Мікалай – першы, а Мілана – другая.

Высокія ўзнагароды, кажуць фігурысты, — гэта не нагода расслабіцца. Наадварот, перамогі – стымул для далейшых выніковых трэніровак і новых, несумненна, пераможных стартаў!

На здымку: пружанскія фігурысты з узнагародамі міжнароднага ўзроўню.
Уладзіслаў Шпарла. Фота Сяргея Талашкевіча.