Понедельник, 21 апреля 2025

У залатой сярэдзіне і на п’едэстале размясціліся пружанскія фігурысты па выніках дамашніх спаборніцтваў

430

І ўсё ж нашым Пружанам вельмі пашанцавала: не кожны райцэнтр за адзін тыдзень прымае адразу некалькі спаборніцтваў. Жыхары ж і госці горада на мінулым маглі паназіраць як за стартамі плыўцоў у Водным палацы, так і за пракатамі фігурыстаў у Лядовым.

А ўся справа ў тым, што арэна СДЮШАР № 2 у першыя дні лістапада стала месцам правядзення двух турніраў. На гэты раз Пружаны прымалі рэйтынгавыя спаборніцтвы — другі этап Адкрытага Першынства Рэспублікі Беларусь па фігурным катанні «Зорачка». На працягу трох дзён за званне лепшых змагаліся спартсмены з Брэсцкай, Гомельскай, Мінскай абласцей і з самой сталіцы. Паназіраць за выступленнямі можна было як у самім Лядовым палацы, так і лежачы пад цёплай коўдрай дома. Усё дзякуючы трансляцыі на YouTube-канале «Беларускага саюза канькабежцаў».

Малодшыя фігурысты пружанскай каманды з трэнерамі.

Захапляцца сапраўды было чым. Напрыклад, асабістымі рэкордамі, якія падчас «Зорачкі» ў Пружанах паставілі мінская спартсменка Аліса Міткалёва, брэсцкі фігурыст Павел Якубялойць і не толькі. Уся ж увага мясцовых балельшчыкаў і карэспандэнтаў «раёнкі» была сканцэнтравана на выступленнях пружанцаў. І на гэты раз большасць з нашых фігурыстак размясціліся ў залатой сярэдзіне фінальных пратаколаў.

Бадай, самым паспяховым стаў дамашні этап «Зорачкі» для Ганны Калінкі. Пасля суботняй кароткай праграмы фігурыстка трымала прамежкавую трэцюю пазіцыю сярод кандыдатаў у майстры спорту. Аднак у нядзелю, на жаль, атрымалася не ўсё. Як вынік — шостае месца.

На такой жа пазіцыі — і Ангеліна Бурчык, якая выступала ў другім спартыўным разрадзе. Пасля кароткай праграмы яна ўвайшла ў ТОП-5. Трэба сказаць, што свае сілы Ангеліна паказала і ў першым спартыўным. Былі прадстаўлены на турніры і пружанскія фігурысткі Дар’я Межыеўская і Кацярына Папічыц.

Аднак без узнагарод мясцовая каманда не засталася. Усё дзякуючы Першынству СДЮШАР № 2 г. Пружаны па фігурным катанні на каньках. Фактычна ў гэтых спаборніцтвах спартсмены пружанскай школы фігурнага катання змагаліся з сябрамі. А гэта і адказнасць, і дадатковая складанасць, таму што адна з мэт турніру — пазнаёміць балельшчыкаў з цяперашнім складам нашай каманды фігурыстаў.

Такім чынам, у першым спартыўным разрадзе залатую ўзнагароду заваявала Ангеліна Бурчык (яна ж лепшая ў другім спартыўным), следам размясціліся Дар’я Межыеўская і Кацярына Папічыц. У спаборніцтвах сярод юных фігурыстаў Сафія Леліч апярэдзіла Марыю Новік — залатая і сярэбраная ўзнагароды адпаведна. У гэтым жа разрадзе, але ў безмедальнай групе, на першым месцы — Сафія Труш, на другім — Алёна Шэпель.

Паляпшае пазіцыі фігурыст-навічок Міхаіл Князеў: на гэты раз ён набраў 14.22 балы за адвольную праграму, што больш, чым на мінулых спаборніцтвах у Пружанах і на выязных у Гродне. А вось навічкі-дзяўчынкі размясціліся пасля выступленняў у наступным парадку: Аліса Корж, Стэфанія Казмярчук, Анастасія Урванцава. Лідар сярод кандыдатаў у майстры спорту — Ганна Калінка.

Пружанскія фігурысты не апускаюць рукі і ні ў якім разе не расстаюцца з канькамі. Наадварот, разам з трэнерамі Вольгай Уважанай і Таццянай Хадаровіч працягваюць займацца і рыхтавацца да наступных стартаў. І невялікі спойлер: наступны турнір у нашым Лядовым палацы чакаем напрыканцы снежня.

Уладзіслаў Шпарла

Фота прадастаўлена СДЮШАР № 2 г. Пружаны