Раніца. Лядовы палац. У каманды пружанскіх фігурыстаў –чарговая трэніроўка. Пракат праграм, работа над памылкамі і заўвагі трэнера… Здавалася б, нічога незвычайнага, калі не ведаць, што трэнер – алімпійская чэмпіёнка Нагана-1998 у парным катанні Аксана Казакова! Так-так, на працягу ўсяго мінулага тыдня расійская фігурыстка давала майстар-класы для нашых спартсменаў. Прапусціць такую падзею проста не маглі журналісты «раёнкі».

Гэтая паездка ў Беларусь для Аксаны Казаковай – ужо трэцяя па ліку, а ў Пружаны яна прыехала ўпершыню. Летась давала майстар-класы для беларускіх спартсменаў у Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі па фігурным катанні. Такія вось «рабочыя візіты» ў Беларусь адбываюцца па запрашэнні Алімпійскага чэмпіёна Сараева-1984 у парным катанні, зараз – галоўнага трэнера зборнай Беларусі па фігурным катанні Алега Васільева, а таксама Беларускага саюза канькабежцаў і Нацыянальнага алімпійскага камітэта.
– Мне вельмі падабаецца працаваць разам з трэнерамі і іх вучнямі. Прыемна, што ў Беларусі, як і ў Расіі, любяць фігурнае катанне. Самае галоўнае, што ў вашай краіне ёсць магчымасці для заняткаў гэтым відам спорту. З задавальненнем назіраю за прагрэсам беларускіх фігурыстаў і іх перамогамі, – кажа Аксана Барысаўна.
Размаўляючы з алімпійскай чэмпіёнкай, у чарговы раз упэўніўся, які няпросты і ў многім цярністы шлях спартсмена. Прафесійнага спартсмена.

Фігурнае катанне прыйшло ў жыццё Аксаны Казаковай, калі ёй было чатыры гады. Пачынала як спартсмен-адзіночнік. У 13 гадоў стала ў пару: менавіта гэты від фігурнага катання асабліва заварожваў. «Парнае катанне – гэта як машына: калі прапануюць, трэба браць. Калі дзіця хоча і можа катацца ў пары, трэба даць яму такую магчымасць», – дзеліцца вопытам спартсменка. Уласна, залаты медаль Нагана, як і сярэбраны на Чэмпіянаце Еўропы-1996, яна заваявала менавіта ў пары – з Артурам Дзмітрыевым.
Зараз Аксана Казакова – старшы выкладчык кафедры фігурнага катання Нацыянальнага дзяржаўнага ўніверсітэта фізкультуры, спорту і здароўя імя Паўла Лесгафта ў Санкт-Пецярбургу, працуе з будучымі трэнерамі як у аўдыторыях, так і на лёдзе. Справядліва заўважае: «Студэнт можа бездакорна ведаць тэорыю, але трэнерская прафесія прадугледжвае, што ты можаш прымяняць веды ў рабоце са
спартсменам на лёдзе. Заўсёды кажу вучням: трэнер і спартсмен – дзве розныя прафесіі. Так, работа трэнера складаная, але цікавая. Трэнераў многа, а спецыялістаў і прафесіяналаў сапраўды трэба пашукаць».
Па словах Аксаны Барысаўны, аптымальны ўзрост для таго, каб аддаць дзіця на фігурнае катанне, – 4-5 гадоў. Многія з падапечных пружанскіх трэнераў Вольгі Уважанай, Таццяны Хадаровіч і Юрыя Цішкова сталі на канькі менавіта ў гэтым узросце, а то і яшчэ раней. Напрыклад, Злата Амельянюк пачала займацца фігурным катаннем з трох гадоў. Спачатку наведвала секцыю ў Брэсце, цяпер трэніруецца на пружанскім лёдзе. Дзеля зручнасці разам з мамай яны нават пераехалі ў Пружаны. Сёння Злата прывозіць медалі з рэспубліканскіх спаборніцтваў, а ў будучым бачыць сябе толькі спартсменкай.

– Трэніроўкі з Аксанай Барысаўнай вельмі падабаюцца. На іх мы адпрацоўваем каскады і трайныя скачкі, слізгаценні, засвойваем новыя элементы. Здорава, што ёсць магчымасць пераймаць вопыт у алімпійскіх чэмпіёнаў. Летам да нас прыязджаў Аляксей Урманаў. Часта ўспамінаю і яго парады. Зараз адпрацоўваю сваю праграму. Бліжэйшыя старты, да якіх рыхтуюся, будуць у Баранавічах ужо ў гэтым месяцы. А што да будучага… Бачу сябе фігурысткай-адзіночніцай, – расказвае Злата.
У сваю чаргу, Аксана Барысаўна заўважае, што ў Беларусі зараз развіваецца і парнае катанне. Трэнер кажа, што галоўнае для любога фігурыста – вера ў свае сілы. Нават калі ўдзел у турнірах абмяжоўваюць санкцыі.
– І расійскія, і беларускія спартсмены сутыкнуліся з гэтым. Але ж і наша федэрацыя фігурнага катання, і ваш саюз канькабежцаў праводзяць многа спаборніцтваў. Гэта ў тым ліку турніры паміж беларускімі і расійскімі спартсменамі. Важна тое, што спартсменаў не пакідаюць, – падкрэсліла трэнер.

Падчас свайго знаходжання ў Пружанах Аксана Казакова знайшла час для знаёмства з горадам і разам з трэнерамі прайшлася па пружанскіх вуліцах. На развітанне – сумеснае фота і пажаданне ад алімпійскай чэмпіёнкі.
– Жадаю поспехаў усім беларускім спартсменам. А наконт фігурнага катання хочацца сказаць бацькам: не бойцеся аддаваць сваіх дзетак у гэты від спорту. Ён развівае ў дзіцяці вельмі многае: харэаграфію, музычны густ, пачуццё стылю, каардынацыю. Няхай у вашай краіне любяць фігурнае катанне, гэта сапраўды прыгожа. І няхай вынікі радуюць як спартсменаў, так і балельшчыкаў.
Уладзіслаў Шпарла. Фота аўтара