Среда, 19 февраля 2025

Пружанскія фігурысты адкрылі сезон перамогамі і асабістымі рэкордамі на Кубку Беларусі

681

Не паспеў пачацца сезон, а пружанскія фігурысты ўжо адправіліся на рэспубліканскія спаборніцтвы і, што важна, вярнуліся з узнагародамі.

На працягу трох апошніх дзён мінулага тыдня ў сталічнай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школе алімпійскага рэзерву па фігурным катанні на каньках галоўнага ўпраўлення спорту і турызму Мінгарвыканкама праходзіў першы этап Адкрытага Кубка Беларусі. Брэсцкую вобласць на спаборніцтвах прадстаўлялі фігурысты ДЮСШ №2 г. Пружаны, падапечныя трэнера Вольгі Уважанай і харэографа Таццяны Хадаровіч.

У першы дзень спартсменаў чакала кароткая праграма. Ужо ў ёй пружанцы зявілі, што яны — моцныя сапернікі, якія абавязкова будуць змагацца за ўзнагароды. Мяркуйце самі: Васіль Барахоўскі (на здымку) прадставіў новую яскравую праграму і па выніках першага дня апынуўся на трэцім месцы. На другі дзень, падчас адвольнай праграмы, спартсмен яшчэ больш сабраўся, чыста выканаў усе элементы, абышоў майстроў нацыянальнай каманды, устанавіў асабісты рэкорд і заняў першае месца. Па выніках двух дзён Васіль Барахоўскі стаў сярэбраным прызёрам спаборніцтваў.

Вельмі годна выступіла Злата Амельянюк (на здымку). Падчас кароткай праграмы яна першай з беларускіх фігурыстак, якія трэніруюцца ў нашай краіне, выканала каскад 3+3. Пры гэтым Злата атрымала тэхнічную ацэнку на ўзроўні ўдзельніцы Зімовай Алімпіяды-2022 у Пекіне Вікторыі Сафонавай, якая таксама прымала ўдзел у Кубку Беларусі. На наступны дзень Злата ўстанавіла асабісты рэкорд, апярэдзіўшы нават хлопцаў-юніёраў. Адзначым, што спартсменка яшчэ не перайшла нават у катэгорыю юніёрак.

Добрую тэхніку ў выкананні элементаў паказала яшчэ адна фігурыстка нашай спартшколы Ганна Калінка.

Паралельна з Кубкам Беларусі ў Мінску праходзілі кантрольныя пракаты юніёраў. Тут выступала Юлія Пакала. Кароткую праграму яна завяршыла на 5-й, адвольную — на 3-й пазіцыі. Як вынік — стала трэцяй.

Сезон толькі стартаваў, наперадзе — новыя турніры і спаборніцтвы. Пажадаем поспехаў пружанскім фігурыстам. А за іх дасягненнямі можна сачыць у Instagram-акаўнце @pruzhany_team.

Уладзіслаў Шпарла. Фота прадастаўлена пружанскай камандай фігурыстаў