Фінал рэспубліканскіх Алімпійскіх дзён моладзі па фігурным катанні на каньках напрыканцы мінулага тыдня прымала сталічная Малінаўка-Арэна. Удзел у спаборніцтвах прынялі спартсменкі з СДЮШАР № 2 г. Пружаны.
Нашы дзяўчаты выступалі ў складзе каманды Брэсцкай вобласці. Сярод кандыдатаў у майстры спорту змагаліся Ганна Калінка і Уладзіслава Чахоўская.
Першая спартсменка па выніках кароткай праграмы размясцілася на чацвёртым радку пратакола, саступіўшы канкурэнткам з Мінскага рэгіёна. Адвольная праграма стала больш паспяховай для Ганны: яна стала трэцяй. Тым не менш, па суме балаў заняла чацвёртае месца, саступіўшы ўладальніцы бронзы спаборніцтваў 2,1 бала.
У ТОП-5 сярод КМС — і Уладзіслава Чахоўская. Фігурыстка шостая пасля кароткага і чацвёртая — пасля адвольнага пракату. Гэта ў выніку вылілася ў пятую пазіцыю фінальнага пратакола. Займаюцца дзяўчаты ў Пружанах пад кіраўніцтвам Вольгі Уважанай і Таццяны Хадаровіч.

У складзе каманды Брэстчыны выступаў Васіль Барахоўскі — ён першы сярод юнакоў у разрадзе КМС. У парным катанні перамогу святкавалі Надзін Віцязь і Максім Хрытоненка, які раней займаўся ў Пружанах (прадстаўлялі Мінскую і Брэсцкую вобласці адпаведна).
Паспяховыя выступленні фігурыстаў дазволілі зборнай Брэсцкай вобласці заняць другое месца ў камандным заліку. Адпаведны дыплом быў уручаны дырэктару СДЮШАР № 2 г. Пружаны Аляксандру Шаманаву.
Уладзіслаў Шпарла