Цяжка ўжо ўявіць рэспубліканскія спаборніцтвы па фігурным катанні без прадстаўнікоў пружанскай ДЮСШ №2. Годна выступілі нашы фігурысткі і на ключавых стартах гэтага сезона.
Гаворка ідзе пра фіналы першынства Беларусі сярод юнакоў і дзяўчат па фігурным катанні па каньках «Зорачка» і Кубка «Беларускага саюза канькабежцаў» у адзіночным катанні. Спаборніцтвы прайшлі напрыканцы мінулага тыдня ў Баранавічах. Як падкрэслілі ў камандзе, усе спартсмены кваліфікаваліся ў фінал, але па ўважлівых прычынах не ўсе змаглі стаць яго ўдзельнікамі. Гэта не перашкодзіла ўдалым выступленням спартсменак.
Па выніках фіналу «Зорачкі» наша Ксенія Жукоўская годна адкатала адвольную праграму і стала чэмпіёнкай у другім юнацкім разрадзе.
Спадзяваліся трэнеры і на Уладзіславу Чахоўскую, якая выступала ў старэйшай групе першага спартыўнага разраду — фігурыстка не падвяла. Пасля кароткай праграмы была на першым, пасля адвольнай — па трэцім радку пратакола, што ў агульным выніку дазволіла заняць другое месца. Адзначым таксама Эліну Цірскіх, якая паказала цудоўныя пракаты і па выніках фіналу захавала сваё становішча ў дзясятцы лепшых у малодшай групе першага спартыўнага разраду.
У Кубку «БСК» ДЮСШ №2 г. Пружаны прадставіла Соф’я Здановіч. Дзяўчына выступала ў катэгорыі кандыдатаў у майстры спорту, дзе канкурэнцыя была вельмі высокай. Прывезці з фіналу медаль Соф’і, на жаль, не ўдалося, але ж пятая пазіцыя ў пратаколе заслугоўвае павагі.
Застаецца нагадаць, што трэнеры нашых фігурыстак — Вольга Уважаная, Таццяна Хадаровіч і Юрый Цішкоў.
Дарэчы, у гэтыя дні ў Лядовым палацы Пружан праходзяць рэспубліканскія спаборніцтвы па фігурным катанні. Падрабязнасці шукайце ў наступных нумарах газеты.
Уладзіслаў Шпарла