Четверг, 16 января 2025

Пружанскія энергетыкі і працуюць, і святкуюць ад душы (+фотаальбом)

446

У мінулую пятніцу ў Палацы культуры пружанскія энергетыкі ўрачыста святкавалі свой юбілей. На мерапрыемства былі запрошаны не толькі цяперашнія работнікі Пружанскіх электрасетак, а і ветэраны арганізацыі. У прыватнасці, у зале прысутнічалі былыя кіраўнікі філіяла, якія зрабілі важкі ўклад у станаўленне і развіццё прадпрыемства.

У адным з папярэдніх выпускаў мы расказвалі пра акалічнасці стварэння філіяла. І, як зазначыў генеральны дырэктар РУП «Брэстэнерга» Сяргей Шабека, у 2003 годзе было прынята сапраўды разумнае рашэнне правесці такі эксперымент — выдзеліць Пружанскі РЭС са складу філіяла РУП «Брэстэнерга» Брэсцкія электрычныя сеткі і стварыць самастойную асобную структурную адзінку.

— За 20 гадоў існавання філіял «Пружанскія электрасеткі» пацвердзіў свой статус арганізацыі з дынамічным развіццём, — зазначыў кіраўнік энергетычнай галіны Брэстчыны. — За мінулыя дзесяцігоддзі электрыкі Пружан неаднаразова гучалі нават на ўзроўні рэспублікі.

Сапраўды, у нашым раёне была пабудавана першая міні-ЦЭЦ, якая, выкарыстоўваючы мясцовае біяпаліва замест імпартнага прыроднага газу, вырабляе электраэнергію. А міні-ГЭС на возеры Паперня? Хаця яна і лічыцца адноўленай, аднак фактычна была пабудавана нанава, з выкарыстаннем сучасных тэхналогій, і цяпер пастаўляе дзясяткі тысяч кілават-гадзін электраэнергіі спажыўцам. У гэты спіс варта дадаць і арганізацыю асобнага разлікова-касавага цэнтра, які для зручнасці абанентаў абагульніў «пад адным дахам» усе паслугі, што аказвае галіна. Увогуле, дзякуючы гэтаму новаўвядзенню, важкую падтрымку атрымала эканоміка раёна, рэфармаванне і мадэрнізацыя якой пайшлі хутчэй за кошт вырашэння многіх арганізацыйных пытанняў непасрэдна на месцы.

Усё гэта сведчыць пра тое, што рашэнне, якое ў свой час прыняў былы гендырэктар РУП «Брэстэнерга» Уладзімір Шышко, які таксама прысутнічаў на ўрачыстасці, можна лічыць станоўчым прыкладам. Хаця без ініцыятывы на месцы, імкнення вырашаць пастаўленыя задачы, добрасумленных адносін да сваіх абавязкаў самога калектыву ПЭС наўрад ці ўдалося б ажыццявіць задуманае. Таму на святкаванні юбілею гучала нямала цёплых слоў у адрас ветэранаў філіяла і, канешне, цяперашніх работнікаў. Пацвярджэннем прафесіяналізму апошніх стаў цэлы стос узнагарод рэспубліканскага, абласнога і раённага ўзроўню, якія ўручаліся падчас урачыстасці. Атрымалі пружанскія энергетыкі і матэрыяльны падарунак: ад абласной арганізацыі філіялу быў уручаны сучасны спецаўтамабіль маркі «МЗКТ» з кузавам-майстэрняй, абсталяванай згодна з галіновымі патрабаваннямі.

А пасля афіцыйнай часткі запамінальныя хвіліны ўсім прысутным падарыла выступленне ансамбля танца, музыкі і песні «Белыя росы» з г. Гродна. Калектыў артыстаў, адзначаны Дзяржаўнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, выканаў нямала запальных нумароў, якія толькі дабавілі святочнага настрою юбілярам.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік

Фотаальбомы глядзіце тут: https://vk.com/album-23306785_294447174 і https://ok.ru/budni/album/964307649672