У Дзень бацькі падарункі і цёплыя словы ў свой адрас прымалі не толькі таты, але і дзядулі. З нагоды гэтага свята 21 кастрычніка ў Палацы культуры прайшоў конкурс «А ну, дзядулі!». Мерапрыемства было арганізавана аддзяленнем дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту пры Пружанскім ТЦСАН, а ўдзел у ім узялі 6 мужчын пажылога ўзросту.
Бадзёры тон мерапрыемству адразу задала вядучая Святлана Багдановіч, якая працуе ў аддзяленні спецыялістам па сацыяльнай рабоце. Няпростая роля дасталася кіраўніку творчага клуба «Нам гады — не бяда» Святлане Несцеравай і загадчыцы аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Марыне Кавальчук: менавіта яны прадстаўлялі журы конкурсу.
Спаборніцтва складалася з 4 этапаў. Першы з іх пад назвай «Хто ведае?» дапамог бліжэй пазнаёміцца са жвавымі дзядулямі, якія, дарэчы, ні кропелькі не саромеліся і адчувалі сябе ўпэўнена (прынамсі, складалася менавіта такое ўражанне).
Конкурс «Ненаглядны мой» стаў адначасова кранальным і вясёлым іспытам: пажылыя мужчыны павінны былі на хуткасць спавіць ляльку, назваць як мага больш пяшчотных слоў у адрас «дзіцяці» і праспяваць калыханку.
Падчас выпрабавання «Хобі» прысутныя даведаліся, чым у вольны час любяць займацца дзядулі. Апошні конкурс «Алё, мы шукаем таленты» прыгожа завяршыў спаборніцтва.
У перапынках паміж этапамі конкурсу для аўдыторыі спявалі запрошаныя госці, а ўдзельніцы гуртка «Аэробіка», які дзейнічае пры Пружанскім ТЦСАН, падарылі прысутным цудоўныя танцы ў стылях танга і сальсы.
Дзядулі, насамрэч, ззялі! Кожны з іх прэзентаваў сябе самым найлепшым чынам, публіка падтрымлівала кожнага канкурсанта, і журы не здолела вылучыць кагосьці аднаго ў якасці пераможцы. Было вырашана размеркаваць намінацыі наступным чынам: Аляксандр Прымачэнка быў названы самым ласкавым дзядулем, а Васіль Півень — самым спрытным, Уладзімір Яцкевіч забраў тытул самага начытанага, Аляксей Радзівончык — самага таленавітага, Уладзімір Чэкашоў стаў супер-дзядулем, а Міхаіл Чайкоў — самым вясёлым дзядулем.
Юлія Янушка. Фота Кацярыны Масік
Фотаальбом з мерапрыемства тут: https://ok.ru/budni/album/949281559176