Каля трохсот юных спартсменаў сабраў на мінулым тыдні абласны этап рэспубліканскіх спаборніцтваў па біятлоне сярод дзяцей і падлеткаў “Снежны снайпер”. Ён праводзіўся на лыжаролернай трасе аграгарадка Мір Баранавіцкага раёна.
Усяго ў турніры ўзяло ўдзел 19 каманд з розных раёнаў вобласці. У склад каманды Пружанскага раёна ўвайшло 14 біятланістаў: вучні ўсіх гарадскіх, а таксама Параслянскай, Ліноўскай, Слабадской і Кляпацкай школ. На працягу трох дзён снайперы змагаліся ў асабістых заездах і эстафетных гонках. У залежнасці ад узросту школьнікам неабходна было пераадолець 600, 800 або 1000 м і адстраляцца на двух агнявых рубяжах.
Пружанскім спартсменам гэта ўдалося! Другое месца ў малодшай узроставай групе сярод дзяўчынак заняла Дар’я Чайкоўская (СШ №5). Таксама другім, але ў сярэдняй групе, стаў Захар Дудко (СШ №1). “Серабро” ў асабістым заліку ў старэйшай узроставай групе сярод дзяўчат 2004 г.н. прывезла са спаборніцтваў яшчэ адна вучаніца СШ №1 – Надзея Паўзун.
Удала прабеглі дыстанцыю і адстраляліся пружанцы і ў эстафетных гонках. У малодшай, сярэдняй і старэйшай (2004 г.н.) узроставых групах наша каманда паднялася на другую прыступку п’едэстала. Яшчэ ў адной старэйшай групе (2005-2006 г.н.) юныя снайперы раёна сталі трэцімі.
Уладзіслаў Шпарла.