Завяршылася брыгаднае тактычнае вучэнне, якое пачалося ў красавіку і праводзілася ў ходзе праверкі баявой гатоўнасці Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь на вайсковых палігонах. 2 мая ва ўрачыстай абстаноўцы Міністр абароны генерал-лейтэнант Віктар Хрэнін узнагародзіў ваеннаабавязаных, якія паказалі выдатныя вынікі па прадметах баявой падрыхтоўкі. Сярод лепшых быў адзначаны наш зямляк Дзмітрый Глушко.

Планавыя зборы па праверцы боегатоўнасці Узброеных Сіл праходзяць штогод. У адпаведнасці з планам баявой падрыхтоўкі ў гэты раз ваеннаабавязаных запасу прызвала 11-я гвардзейская асобная механізаваная брыгада.
Як паведаміў ваенны камісар Пружанскага раёна падпалкоўнік Кірыл Шаўчэнка, на зборы былі адпраўлены 30 чалавек і тэхніка з раённых арганізацый.
Кірыл Усеваладавіч адзначыў удзел аўтапарка № 11, і ў прыватнасці дапамогу яго дырэктара Анатоля Вакульчыка, а таксама ААТ «Рамбуд», «Пружанскі райаграсэрвіс», «Ружаны-Агра», «Агра-Калядзічы», ДРБУ № 140, якія былі асноўнымі пастаўшчыкамі транспартных сродкаў.
– На працягу 30 дзён ваенна-абавязаныя аднаўлялі раней набытыя навыкі і атрымлівалі новыя веды. Яны ўдзельнічалі ў мерапрыемствах баявога зладжвання ў складзе падраздзяленняў, праходзілі адзіночную падрыхтоўку, выконвалі задачы па прызначэнні, – патлумачыў ваенны камісар. – Задачы, пастаўленыя дзяржавай, былі дасягнуты, а прызваныя пружанцы з годнасцю выканалі свой абавязак.

Так, вадзіцелю ЗТАА «ДПД Бел» Дзмітрыю Глушко было прысвоена чарговае воінскае званне – маёр, а пагоны мужчына атрымаў з рук Міністра абароны Рэспублікі Беларусь.
Дзмітрый Лявонцьевіч праходзіў службу ў лінейных артылерыйскіх падраздзяленнях. На зборах ён з’яўляўся камандзірам батарэі і там быў назначаны на пасаду намесніка камандзіра дывізіёна па ідэалагічнай рабоце. За ўзорнае выкананне воінскага абавязку ён атрымаў новую ваенна-ўліковую спецыяльнасць.
Уражаннямі ад брыгадных тактычных вучэнняў падзяліўся інжынер КУВП «Камунальнік» Уладзімір Голуб:

– Спачатку мы жылі ў вялікім палатачным гарадку, у нас была агульная лазня і сталоўка з палявой кухняй. Усяго хапала, кармілі сытна. Таксама прыязджалі аўтамагазіны ваенгандлю, дзе кожны жадаючы мог набыць усё патрэбнае. Калі пераехалі ў раён засяроджання ў лесе, падрыхтавалі капаніры для тэхнікі і зямлянкі для сябе. Разам з Дзмітрыем Глушко я трапіў у рэактыўны дывізіён, мы рыхтавалі тэхніку і праводзілі стрэльбы.
Да «камандзіроўкі» я паставіўся абсалютна спакойна. Гэтыя 30 дзён мінулі вельмі хутка, а карысць прынеслі вялікую. Зборы сталі добрай магчымасцю ўспомніць тое, чаму некалі вучыўся, пазнаёміцца з новай тэхнікай.
Юлія Янушка. Фота аўтара і з сайта voentv.mil.by