Понедельник, 16 сентября 2024

Пружанскіх школьнікаў навучылі бяспецы ў інтэрнэце

201

Рэспубліканскі вебінар па бяспечных паводзінах дзяцей і падлеткаў у інтэрнэце сабраў больш за 1700 удзельнікаў з усёй краіны. Слухачы даведаліся, што такое кібербулінг, як супрацьстаяць гэтай з’яве і дзе шукаць дапамогу, калі сутыкнуліся з цкаваннем у Сетцы. Акрамя таго, эксперты падзяліліся лайфхакамі бяспечнай налады акаўнтаў, каб юныя інтэрнэт-карыстальнікі маглі пазбегнуць рызыкі узлому і ашуканскіх дзеянняў.

Да вебінару маглі падключыцца як цэлыя класы, так і школьнікі паасобку. Геаграфія анлайн-мерапрыемства стала шырокай: яго «наведалі» сярэднія навучальныя ўстановы з Мінска, усіх абласных цэнтраў, шматлікіх раёнаў і гарадоў, аграгарадкоў, а таксама – вучні базавых школ з невялікіх сельскіх населеных пунктаў.

Адкрываючы сустрэчу, з прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнуліся прадстаўнікі МТС, Міністэрства адукацыі і ЮНІСЕФ у Беларусі. Бяспечныя паводзіны ў інтэрнэце і прафілактыка кібербулінгу – актуальная тэма, яна зацікавіла не толькі навучэнцаў 6-10 класаў, на якіх быў разлічаны вебінар, але і педагогаў, метадыстаў, супрацоўнікаў сацыяльна-педагагічных і маладзёжных цэнтраў.

«Сучасныя дзеці шмат часу праводзяць у інтэрнэце, і наша задача – зрабіць усё магчымае, каб анлайн-прастора была бяспечнай для зносін і вучобы. У Беларусі рэалізуецца комплексны план па процідзеянні кіберзлачыннасці і павышэнні лічбавай пісьменнасці. Гэтыя тэмы ўключаны ў навучальныя праграмы, у школах навучаюць навыкам адказных паводзін у Сетцы. Міністэрствам адукацыі сумесна з маладзёжнымі грамадскімі аб’яднаннямі і іншымі зацікаўленымі праводзіць вялікую прафілактычную работу па гэтым напрамку ва ўстановах адукацыі», – падкрэсліла Наталля Чааб, кансультант упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Беларусі.

«Па статыстыцы, 93% дзяцей ва ўзросце ад 6 да 17 гадоў карыстаюцца інтэрнэтам. Сярод падлеткаў доля карыстальнікаў смартфонаў дасягае 96-97%. Калі дзіця маленькае, вельмі моцны бацькоўскі кантроль. Але з цягам часу кантроль слабее, і дзіця застаецца сам-насам з праблемамі і выклікамі, якія чакаюць яго ў Сетцы. Таму важна, каб дзеці ведалі, дзе можна знайсці дапамогу і падтрымку», – паведаміў Дзмітрый Шылін, старшы каардынатар па пытаннях абароны дзяцінства ЮНІСЕФ у Беларусі.

Блок карыснай практычнай інфармацыі прапанавалі запрошаныя эксперты. Педагог-псіхолаг Рэспубліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі Іляна Матвіенка расказала, што такое кібербулінг, як яго распазнаць і як ад яго абараняцца. На прыкладах яна прадэманстравала розніцу паміж цкаваннем, тролінгам і жартам. Асаблівую ўвагу надала інструментам дапамогі, якія даступны пацярпелым ад пераследу ў інтэрнеце.

У сваю чаргу кіраўнік кірунку па дзіцячай анлайн-бяспецы «Лабараторыі Касперскага» Андрэй Сідзенка засяродзіўся на тэхнічных аспектах бяспекі ў інтэрнэце: як правільна настройваць свой акаўнт у сацсетках і ўсталёўваць паролі ў розных дадатках, а таксама якой інфармацыяй не варта дзяліцца са староннімі, каб не стаць аб’ектам цкавання або ахвярай ашуканцаў. Эксперт парэкамендаваў не забываць рэгулярна абнаўляць устаноўленыя праграмы, таму што ў новых версіях могуць змяшчацца палепшаныя механізмы бяспекі.

Потым спецыялісты адказалі на пытанні школьнікаў, якія паступалі ў чатах платформы Zoom і ў YouTube, дзе ішла прамая трансляцыя вебінара.

Мерапрыемства праводзілася ў рамках сумеснага праекта МТС і ЮНІСЕФ у Беларусі #ІнтэрнэтБезБулінга пры падтрымцы Міністэрства адукацыі.

«Мы выдатна разумеем, якія бязмежныя магчымасці дае інтэрнэт, але ў той жа час разумеем і рызыкі, якую нясе анлайн-прастора. Таму што, даючы паслугу доступу ў інтэрнэт, МТС як сацыяльна адказны брэнд, бачыць сваю адказнасць у фармаванні бяспечнага-анлайн-асяроддзя», – адзначыла кіраўніца PR-групы МТС Марыя Пазняк.

БЕЛТА.