Понедельник, 21 апреля 2025

Пружанскім вёскам пагражаюць пажары

520

Нагадваю ўсім жыхарам раёна, што заканадаўствам катэгарычна забараняецца спальваць сухую расліннасць на корані, —зазначае начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях Павел Талстой. — Спальванне травы, пажніўных астаткаў пагражае штрафам да 30 базавых велічынь.


Па словах Паўла Міхайлавіча, за развядзенне кастроў без нагляду і выканання супрацьпажарных правілаў грамадзяне могуць прыцягвацца да адміністрацыйнай адказнасці з пакараннем на суму да 12 б. в. Калі ж агонь прычыніць шкоду маёмасці арганізацый, суседзяў, прымусіць прыцягваць сілы і сродкі для ліквідацыі ўзгарання, то парушальніку пагражае штраф да 30 б. в. А ў асабліва «гучных» здарэннях увогуле прадугледжана крымінальная адказнасць.

Чаму так усё сур’ёзна? Мяркуйце самі: першы выезд пажарных на тушэнне сухой травы ў сакавіку зарэгістраваны на 5 дзень месяца і за некалькі наступных дзён падраздзяленні выязджалі больш за 10 разоў. Найбольш маштабныя пажары адбыліся ў вёсках Юндзілы, Семянча, г.п. Ружаны, дзе выгарала ад 0,5 гектара і больш.

Самае сумнае, што наладзіць асаблівы кантроль нерэальна, таму што вогненныя здарэнні рэгіструюцца амаль па ўсіх сельскіх Саветах Пружаншчыны. Словам, тлумачальны рэйд праходзіць у адной вёсцы, а ў суседняй агонь ужо падбіраецца да жылых дамоў. Менавіта так і адбываюцца падобныя выпадкі, таму што часцей за ўсё смецце гаспадары спальваюць на сваіх участках, паблізу ад гаспадарчых пабудоў. Без належнага кантролю дастаткова рэзкага парыву ветру і…
Так адбылося 9 сакавіка ў аграгарадку Лінова, куды ў той дзень пажарныя двойчы выязджалі на трывожныя выклікі. Самы буйны пажар атрымаўся на вул. Шашэйнай, дзе гаспадыня аднаго з дамоў вырашыла спаліць сухую траву. На жаль, фотаздымак не перадае ўсю трагічнасць здарэння. А таксама тыя эмоцыі, што давялося перажыць суседзям, да нерухомасці якіх агонь не падабраўся лічаныя метры. А 10 сакавіка ў аг. Лыскава яшчэ адно надзвычайнае здарэнне.

Уладальнік нерухомасці вырашыў навесці парадак на прысядзібным участку і запаліў смецце. У выніку агонь пашкодзіў шэраг пабудоў.

— Падчас тлумачальных рэйдаў мы праводзім прафілактычныя гутаркі з уладальнікамі прыватных дамоў, нагадваем правілы і расказваем пра пагрозы, — гаворыць начальнік РАНС. — І амаль кожны пераконвае, што выдатна ўсё ведае і з ім падобнага здарэння не будзе. Аднак заўсёды здараецца чалавечы фактар: забыўся, страціў увагу, не разлічыў…

Улічваючы трывожную сітуацыю, было вырашана выкарыстоўваць больш жорсткія меры ўздзеяння. Як адзначае Павел Талстой, устаноўлены асобы віноўнікаў 6 з 10 веснавых палаў. Парушальнікі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці і атрымаюць адпаведнае пакаранне.

Алег Сідарэнка

Тлумачальную гутарку з жыхаром вёскі праводзіць старшы інжынер Ігар Цімашэвіч.
Фота аўтара