У чацвер сельскія працаўнікі Пружаншчыны аднымі з першых у вобласці і нават краіне намалацілі 100 тысяч тон збожжа!
Ёсць гаспадаркі, якія, нягледзячы на капрызы надвор’я, атрымліваюць стабільна высокія ўра-джаі асноўных сельгаскультур. Безумоўна, у лік іх уваходзіць і ААТ «Мурава».
Сёлета тут атрыманы выдатны ўраджай рапсу. З кожнага гектара сабрана ў сярэднім па 40,7 цэнтнераў алейнага насення пры валавым зборы 407 тон.
Радуе і збожжавы палетак. Гаспадарка за два тыдні практычна завяршыла жніво. Сабрана 7,8 тысячы тон збожжа пры ўраджайнасці 54 цэнтнеры з гектара. Асабліва парадавалі жыта, авёс, пшаніца і трыцікале.
Дырэктар ААТ «Мурава» П.М.Білецкі на ўмовы сёлетняга жніва не скардзіцца, але мы ведаем, што яны былі няпростымі. Асобныя палеткі, расказвае Пётр Мікалаевіч, пасля дажджоў сталі непраходнымі для ўборачнай тэхнікі. Даводзілася нават некаторыя камбайны пераводзіць на гусенічны ход.
На жніве было задзейнічана восем збожжаўборачных камбайнаў. Па яго выніках лепшы паказчык мае экіпаж камбайна «КЗС-1218» у складзе старшага камбайнера А.А.Чайкоўскага і камбайнера М.В.Стасюка. Экіпаж адпрацаваў разам чатыры сезоны, а сёлета выдаў з бункера каля 1,5 тысячы тон збожжа. Гэта пакуль лепшы паказчык сярод камбайнавых экіпажаў у раёне.
Сёлета сельскія працаўнікі ААТ «Мурава» павінны паставіць у кошт дзяржзаказу 500 тон збожжа. І гаспадарка ўжо практычна справілася з гэтым заданнем.
На здымку: экіпаж камбайна «КЗС-1218» А.А.Чайкоўскі і М.В.Стасюк з ААТ «Мурава» — адны з лідараў сёлетняга жніва; дырэктар ААТ «Мурава» П.М.Білецкі.
Мікола Архуцік, Сяргей Талашкевіч (фота).