Суббота, 15 марта 2025

Пружанский молочный комбинат в числе лучших

1 445

Прадукцыя, якая выпускаецца на ААТ «Пружанскі малочны камбінат», — без перабольшвання, адна з самых дыпламаваных. Нядаўна работа калектыву была адзначана чарговымі ўзнагародамі.

20160603_6622_измен.размер

Лепшых назвала Беларуская гандлёва-прамысловая палата:  Пружанскі малкамбінат быў адзначаны дыпломам за высокія паказчыкі ў экспарце прадукцыі ў мінулым годзе. Вядучы маркетолаг прадпрыемства Аляксандр Майсяюк расказвае:

— Гэта штогадовы конкурс, вынікі якога падводзяцца на падставе афіцыйнай статыстыкі, пададзенай канкурсантамі, — эканамічнай, прамысловай і іншай. І вось другі год запар наша прадпрыемства прызнаецца лаўрэатам за экспарт.

Сапраўды, сёння 86% ад агульнага аб’ёму выпускаемай прадукцыі прадпрыемства адпраўляе за мяжу. Лепшыя экспартныя паказчыкі толькі ў ААТ «Бабушкина крынка» — абсалютнага лідара конкурсу ў гэтай намінацыі.

Пацвярджэннем правільна абранай стратэгіі развіцця прадпрыемства стала яшчэ адна высокая ўзнагарода — дыплом лаўрэата прэміі Урада Рэспублікі Беларусь у галіне якасці. У адрозненне ад іншых, яна выдаецца за сукупнасць паказчыкаў: дасягненне значных вынікаў ў галіне якасці і канкурэнтаздольнасці вытворчасці, прадукцыі, аказваемых паслуг альбо выкананых работ, укараненне інавацыйных тэхналогій і сучасных метадаў менеджменту.

— Камісія, у склад якой уваходзілі прадстаўнікі розных ведамстваў, давала комплексную адзнаку дзейнасці таварыства, — удакладняе інжынер па якасці Наталля Грыцай. — Улічваліся абсалютна ўсе накірункі работы прадпрыемства за апошнія пяць гадоў.

На камбінаце падкрэсліваюць, што атрыманая прэмія — безумоўна, заслуга ўсяго калектыву. Але галоўным рухальнікам прагрэсу стаў дырэктар: яго асабістыя якасці, уклад і заслугі ў развіцці прадпрыемства адзначаліся і дагэтуль. У.М.Мікіціч неаднойчы прызнаваўся лепшым кіраўніком сярод прадпрыемстваў канцэрна «Брэстмясамалпрам», мае ўзнагароды рознага ўзроўню, сярод якіх медаль Саюзнай дзяржавы «За супрацоўніцтва», падзяка Мінсельгасхарчу і многія іншыя, яго прозвішча нават занесена ў міжнародную энцыклапедыю «Лепшыя людзі».

Комплексны аналіз работы прадпрыемства і яго параўнанне з дзейнасцю канкурэнтаў дазволілі вызначыць новыя накірункі работы. Напрыклад, маркетынгавая служба вырашыла актывізаваць гандаль у фірменных магазінах прадпрыемства. І ўжо ў самы бліжэйшы час пружанскіх пакупнікоў магазінаў «Верас» чакаюць прыемныя сюрпрызы: штотыднёвыя дэгустацыі і бонусы.

На здымку: з новымі ўзнагародамі.

Марына ВАКУЛЬСКАЯ

 Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота)

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *