Такога аншлагу Палац культуры не бачыў даўно. Зала з цяжкасцю ўмяшчала ўсіх прысутных. І такое мноства гледачоў сабралася тут нездарма: у мінулую нядзелю гэтая галоўная ўстанова культуры раёна святкавала сваё 70-годдзе.
Трэба аддаць належнае артыстам Палаца культуры. У гэты канцэрт яны ўклалі не толькі свой прафесіяналізм, але і душу, парадаваўшы прысутных лепшымі нумарамі мастацкай самадзейнасці і ўмелай рэжысурай мерапрыемства. На працягу звыш трох гадзін гэтага відовішчнага свята гарадскія артысты радавалі, захаплялі і здзіўлялі гледачоў песнямі, танцамі, тэатралізаванымі пастаноўкамі, умела разбаўляючы іх успамінамі ветэранаў. Гэта быў своеасаблівы экскурс у гісторыю ўстановы працягласцю ў семдзесят гадоў, пачынаючы з красавіка 1946 года, калі і быў адкрыты ў Пружанах Дом сацыялістычнай культуры.
Вельмі яскрава перадала тыя моманты Алена Жмайлік, якая выступіла на сцэне ў ролі гераіні кіна-фільма Фросі Бурлаковай. Ад першых агітбрыгад, “Пружанскага бітлз”, як з любоўю называлі ў нашым горадзе ВІА тых часоў “Стымул”, да сучасных танцораў і спевакоў – пастараліся не забыць нікога, хто зрабіў свой унёсак у развіццё культуры горада і раёна. Побач з маладымі і таленавітымі работнікамі Палаца культуры, як заўсёды, пад авацыі публікі выступалі “мэтры” – Іван Гвоздзік з хорам “Вербніца”, Святлана Машкала з хорам “Чырвоны гваздзік”, Сяргей Більшэвіч з духавым аркестрам, Валянціна Іскаліева са “Спадчынай”…
Нездарма, агучваючы па даручэнні старшыні райвыканкама М.М.Крэйдзіча віншаванні калектыву-юбіляру, намеснік старшыні М.П.Кудравец назваў работнікаў гарадскога Палаца культуры “людзьмі з гарачымі сэрцамі”. Мікалай Пятровіч зазначыў, што яны не толькі гонар Пружаншчыны, але і, наогул, гонар Брэстчыны і Беларусі: чатырнаццаць калектываў носяць званні “народны” і “ўзорны”. Разам з Граматай райвыканкама творчаму калектыву Палаца культуры ён уручыў і каштоўны падарунак. За высокі прафесіяналізм асобна раённай уладай быў адзначаны і народны аркестр народных інструментаў пад кіраўніцтвам Ірыны Антанюк.
Не шкадаваў цёплых слоў работнікам Палаца культуры і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама К.І.Панімаш, які таксама прыйшоў на юбілей гэтай установы з каштоўным падарункам. Канстанцін Іванавіч адзначыў асаблівае развіццё культуры Пружаншчыны за апошнія гады і асобны ўклад у гэтае цяперашняга дырэктара ГПК Аксаны Кавалевіч. Доказам таму – ганаровае званне лепшай, якое тры апошнія гады прысуджаецца ў вобласці культуры нашага раёна.
З віншаваннямі прыехалі на свята і нашы добрыя суседзі з Бярозы. Ад імя дэпутатаў райсавета і жыхароў Бярозаўскага раёна віншаваў юбіляраў дэпутат раённага Савета, галоўны інжынер ААТ “Бярозаўскі сыраробчы камбінат” Леанід Іванавіч Качына , які са словамі прызнання за прыгожую творчасць, якую нясуць людзям пружанскія артысты, таксама ўручыў ім падарунак.
Пранікнёна гучалі са сцэны ўспаміны былых дырэктара ГДК В.І.Курачынскага і начальніка аддзела культуры Ю.М.Котава. Яны адзначылі ўклад у развіццё культуры раёна і такіх дзеячоў, як Алгіс Валанчус, Васіль Пілюцік, Іраіда Багамолава, Юрый Чыркін. Не былі забыты і тыя работнікі культуры, каго ўжо няма з намі, але пра яскравую музычную дзейнасць якіх пружанцы дагэтуль успамінаюць з захапленнем.
Цёпла сустракалі гледачы і гасцей – вядомых у Беларусі харэографаў, якія сваю прафесійную дзейнасць пачыналі ў Пружанах: Н.К.Залеўскую, з танцавальнымі пастаноўкамі якой пружанская “Завіруха” стала вядома свету, і яе паслядоўніцу Л.Р.Бярнэй. А з’яўленне на сцэне вядучай салісткі ГДК таго часу Ганны Місевіч наогул сарвала авацыі залы. Так цёпла людзі віталі куміра сваёй маладосці.
…Здавалася, прыемным уражанням ад канцэрта не будзе канца. Самадзейныя артысты выкананнем музычных нумароў падарылі гледачам не толькі радасць, але і цудоўны адпачынак. І ці не ў гэтым заключаецца прызначэнне работнікаў культуры?
Галіна КАЛЯДА, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).