Рэгіянальныя адборачныя туры на нацыянальны конкурс прыгажосці «Міс Беларусь-2018» завяршыліся. Як зазначылі пасля паездкі па рэгіёнах члены адборачнай камісіі, у горадзе над Бугам на гэты раз сабралася вельмі вялікая колькасць прыгажунь: каля 80 дзяўчат прыйшлі паказаць сябе ва ўсёй красе. На кастынгу ў Брэсце пра сябе заявілі і дзве прадстаўніцы Пружаншчыны — Марына Папко і Вераніка Ярашук.
Дзяўчаты з Пружан знаёмы некалькі гадоў: ім давялося разам набываць прафесію эканаміста ў Палескім дзяржаўным універсітэце. І вось ужо другі год, як яны прымяняюць свае веды на практыцы: ураджэнка Шаней Вераніка Ярашук узначальвае сектар бухгалтарскага ўліку ФПР «Гандлёвы цэнтр», пружанка Марына Папко працуе эканамістам у ААТ «Рамбуд». Дарэчы, менавіта апошняя і стала ініцыятарам удзелу ў конкурсе.
— Літаральна напярэдадні кастынгу ў Брэсце нам на работу прыйшла папера, у якой работніц да 24 гадоў з адпаведнымі данымі запрашалі прыехаць на адбор у абласны цэнтр. Калега ўсміхнулася: «Ну, Марына, акрамя цябе, у нас няма каго і адправіць!»
«А чаму б і не?» — падумала Марына і хуценька сагітавала да ўдзелу ў кастынгу сяброўку Вераніку. Ужо на наступны дзень яны паехалі ў Брэст, каб паспрабаваць свае сілы.
Варта адзначыць, дагэтуль абедзве дзяўчыны не мелі вопыту ўдзелу ў падобных мерапрыемствах. Марыне і Вераніцы, як і іх саперніцам на месца ў паўфінале, давялося, акрамя знешніх даных (дарэчы, яны традыцыйна ацэньваюцца без касметыкі) і грацыёзнай паходкі, прадэманстраваць інтэлект і ўнутраную прыгажосць.
— Што нас чакала, не мелі ніякага ўяўлення, — расказваюць сяброўкі. — Падчас першага тура патрабавалася расказаць пра сябе. Аказалася, адказваць трэба было максімальна коратка (у прынцыпе, вопытныя члены камісіі не давалі магчымасці надта расцягваць свой аповед). Вераніка, напрыклад, толькі сказала, дзе і кім працуе, як ёй раптам арганізавалі сапраўдны экзамен па падатковым заканадаўстве. Што тычыцца Марыны, журы больш зацікавілі не яе эканамічныя веды, а хобі — brow-майстар.
— Прыпісваць сабе плойму выдуманых здольнасцяў і вартасцяў было бессэнсоўна: камісія адразу ж выкрывала падман. Так было, напрыклад, з дзяўчынай, якая прадставілася настаўніцай замежнай мовы, але расказаць пра сябе па-англійску не змагла.
Марыне Папко пашанцавала больш, чым яе сяброўцы: пасля першага адборачнага тура яе чакалі яшчэ два. А гэта значыць, што яна трапіла ў паўфінал. Цяпер анкету і фотаздымкі пружанскай прыгажуні будуць разглядаць яшчэ больш скрупулёзна. Як ужо склалася, прааналізаваўшы ўвесь сабраны матэрыял, арганізатары выберуць найбольш годных дзяўчат, якіх запросяць яшчэ на адзін кастынг у Мінск, дзе і вызначаць прэтэндэнтак на званне «Міс Беларусь-2018». Пажадаем удачы і Марыне!
На здымку: Вераніка Ярашук і Марына Папко (злева направа);
Марына ВАКУЛЬСКАЯ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).