Субота, 26 кастрычніка. На гадзінніку — 12.00. Час, калі адначасова ў розных гарадах вобласці былі раскрыты канверты з заданнямі гульні “Што? Дзе? Калі?” для каманд-удзельніц сінхроннага абласнога турніру па інтэлектуальнай гульні. Юным знаўцам трэба было адказаць на 45 складаных пытанняў.

У нашым раёне памерацца сваімі ведамі і эрудыцыяй, уменнем працаваць супольна сабралася 13 каманд з 10 устаноў адукацыі.
Варта пералічыць усіх: каманда “Рамантыкі” са Слабадской сярэдняй школы, “Двойчы-Два” з Параслянскай СШ, “Калектыўны розум” з Лінова, “Ой, ды ладна” з Харавы, “Сакратыкі” з Шарашэва, “Без каментарыяў” СШ № 1, “Школьцы” з СШ № 3, “6 звілін” з СШ № 4. Дзве каманды – “Хуткія кактусы” і “Хуткія кактусы junior” – прадставіла гімназія, і ажно тры каманды –“Бліцкрыг (юніёры)”, “МаксіГлобус (ювеналы)” і “МініГлобус (дзеці)” – падрыхтавала СШ № 5.
Гульня праходзіла на базе гімназіі, а яе арганізатарам стаў цэнтр творчасці дзяцей і моладзі.

Барацьба сярод інтэлектуалаў, як заўсёды, была напружанай. Яна паказала шырыню кругагляду, уважлівасць і здольнасць удзельнікаў хутка і лагічна думаць. У кожным з трох тураў — па 15 пытанняў, на абмеркаванне кожнага з іх – 60 секунд. За гэту мінуту каманды запісвалі адказ на бланку, які адпраўляўся на стол журы.

У склад кампетэнтнага журы ўвайшлі дырэктар цэнтра творчасці дзяцей і моладзі А.М. Пухнарэвіч, яе намеснік па вучэбна-выхаваўчай рабоце А.С.Покала, старшыня раённага савета грамадскага аб’яднання «Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя» А.А.Зубко і ганаровы госць — чэмпіён Рэспублікі Беларусь 2013 года ў гульні “Што? Дзе? Калі?”, капітан каманды “Лень цюленя”, чэмпіён трох сезонаў інтэлектуальных гульняў “Гульні розуму” Андрэй Смоляр.

Па выніках гульні лідзіруючую пазіцыю занялі чатыры каманды. Яны набралі найбольшую колькасць балаў і падзялілі паміж сабой прызавыя месцы наступным чынам:
дыплом I ступені атрымала каманда “Бліцкрыг” з СШ № 5;
дыплом II ступені – у каманды “Хуткія кактусы” з гімназіі і каманды “Школьцы” СШ № 3;
дыплом III ступені ўручылі камандзе “Хуткія кактусы junior” (гімназія).
Алена Зубко.