Суббота, 14 декабря 2024

Пружанскія прадпрыемствы працуюць у штатным рэжыме

1 020

Працуем, як звычайна, — на вынік
На фоне негатыўных прароцтваў розных «рэйтынгавых агенцтваў», прадказанняў апакаліпсісу, які хутка напаткае беларускую эканоміку, можна назіраць зусім адваротнае: ні адзін з падобных прагнозаў не ажыццявіўся. У тым ліку і панядзелак, 26 кастрычніка, для прамысловасці рэспублікі прайшоў, як звычайна. Як паведамляе прэс-служба Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, «у гэты дзень усе прадпрыемствы рэальнага сектара эканомікі працавалі ў штатным рэжыме, вытворчасць не спынялася». Па-ранейшаму стабільна працуюць і прамысловыя прадпрыемствы Пружаншчыны.


Мы звярнуліся да начальніка аддзела эканомікі райвыканкама І.Д.Ліхтаровіч з просьбай пракаментаваць, як сітуацыя развіваецца ў нашым раёне.
— За 9 месяцаў бягучага года, — зазначае Ірына Дзмітрыеўна,— без выключэння ўсе прадпрыемствы выконваюць планаваныя паказчыкі, а некаторыя ўжо перавыканалі намечаныя задачы.
Побач з гэтым, не адзначаюцца выпадкі «скарочанага працоўнага тыдня» або вымушанага беспрацоўя. Як і няма «масавых звальненняў», пра якія пішуць апазіцыйныя выданні. Безумоўна, некаторая цякучка кадраў назіраецца па розных прычынах, але яна захоўваецца ў рамках папярэдніх гадоў.

Андрэй Васільевіч Каласей, дырэктар ААТ «Пружанскі завод радыёдэталяў»:
— Трэці квартал наша прадпрыемства адпрацавала з перавыкананнем тых вынікаў, што былі дасягнуты ў аналагічным перыядзе мінулага года, а таксама першых двух кварталаў бягучага года. Па некаторых паказчыках мы выйшлі на перавыкананне таго, што ўвогуле было намечана на бягучы год. Трэба адзначыць, што нязменнымі па аб’ёмах (магчыма, толькі ў бок павелічэння) застаюцца заяўкі нашых пастаянных спажыўцоў з прадстаўнікоў беларускага аўтапрама. Хапае заказаў, ёсць работа, гарантуюцца годныя заробкі.
Стабільнай застаецца і кадравая сітуацыя, ніякіх звальненняў работнікаў працаздольнага ўзросту без важкіх прычын няма. Наадварот, колькасць работнікаў за апошнія тры месяцы крыху павялічылася, у тым ліку да нас прыйшоў працаваць малады спецыяліст.

Мікалай Сцяпанавіч Жогал, дырэктар ААТ «Пружанскі льнозавод»:
— Лічу, што на тэрыторыі прадпрыемства асноўную ўвагу трэба надаваць вытворчасці, ад чаго залежаць і заробкі, і дабрабыт кожнага. А палітыкай няхай займаюцца тыя, у каго няма большых клопатаў. Бо ў нас сваіх турбот хапае. За панядзелак, згодна з планамі, нам неабходна было перапрацаваць больш за 30 тон ільнотрасты, з чым паспяхова справіліся. Шчыравалі ў палях і нашы механізатары, якія штодня ўзворваюць да 150 гектараў зябліва і ўносяць мінеральныя ўгнаенні на плошчах 120-130 гектараў. І гэта яны таксама выканалі ў «вызначаны» панядзелак, які нічым не адрозніваўся ад іншых, напоўненых карыснымі задачамі працоўных дзён бягучага тыдня.

Аляксандр Эдмантавіч Лось, дырэктар ААТ «Пружанскі малочны камбінат»:
— Мы проста не маем права парушаць нармальную і рытмічную работу завода. Што выдатна разумеюць усе работнікі прадпрыемства. Штодня, і панядзелак не выключэнне, мы атрымліваем больш за 200 тон малака, якое павінны неадкладна перапрацаваць, бо гэта сыравіна не будзе чакаць, калі вырашацца «палітычныя пытанні». Таксама не будуць чакаць і нашы спажыўцы, якія штодня чакаюць паставак свежых малочных прадуктаў — сыру, тварагу, масла.

На здымку: у ранейшым рэжыме працуе ўчастак вязкі жгутоў завода радыёдэталяў. Як адзначае яго начальнік Кацярына Уладзіміраўна Лук’яновіч, работы хопіць на некалькі месяцаў наперад.
Алег Сідарэнка.
Фота Сяргея Талашкевіча.