20 лютага на базе ДУА “СШ №1 г. Пружаны імя ЧБВА” прайшла абласная панарама эфектыўнага вопыту ў адукацыі Берасцейшчыны на прыкладзе сістэмы адукацыі Пружанскага раёна.
У гэты дзень менавіта пружанскім педагогам выпаў гонар падзяліцца сваім вопытам з калегамі з усёй вобласці. Мы не першыя, хто прыняў эстафету панарамы, падобныя мерапрыемствы ўжо прайшлі ў Кобрыне і Баранавічах. Таму нашым настаўнікам неабходна было паказаць высокі ўзровень.
Тое, што Пружаншчыне ёсць чым пахваліцца, было бачна ўжо ў фае школы, дзе былі прадстаўлены шматлікія выставы.
СШ №3 і Ружанская СШ прадэманстравалі калегам спартыўныя ўзнагароды, а іх, паверце, было мноства. Шаняўская СШ імя Міколы Засіма, зразумела, стаўку зрабіла на знакамітага земляка, біяграфія якога стала цэнтральнай постаццю іх прэзентацыі. Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі паказаў свае дасягненні ў робататэхніцы. Гаспадары – СШ №1—здзівілі мастацтвам карвінгу.
Газетнай плошчы не хопіць, каб пералічыць усе выставы, дададзім толькі, што ўсё праходзіла пад музыкальнае суправаджэнне ўзорнага аркестра народных інструментаў “Скамарошына” дзіцячай школы мастацтваў імя Рыгора Шырмы.
Урачыстае адкрыццё адбылося ў актавай зале. Вядучымі мерапрыемства выступілі загадчыца сектара вучэбна-выхаваўчай работы аддзела па адукацыі Юлія Пасько і дырэктар Мокраўскай школы Алег Бзот. Адметна, што напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы ўсё мерапрыемства прайшло на беларускай мове. Да таго ж, першы прарэктар Брэсцкага абласнога інстытута развіцця адукацыі Станіслаў Рачэўскі падкрэсліў, што гэты год з’яўляецца юбілейным – у лістападзе мы адзначым 90-годдзе са дня нараджэння пісьменніка Уладзіміра Караткевіча. А гэта значыць, самы час “зазірнуць за плот у суседа і паглядзець, якія ж там каласы”. Намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч падчас свайго прывітальнага слова падкрэсліў, што гэта выдатна, калі калегі сустракаюцца для таго, каб падзяліцца сваім вопытам, а вышэйстаячыя органы ў першую чаргу дапамагаюць, а не кантралююць. На правах гаспадыні выступіла начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Ірына Казарэз. Спадзяванні Ірыны Анатольеўны на тое, што атрымаецца канструктыўная дыскусія, у поўнай меры спраўдзіліся.
Пасля афіцыйнага адкрыцця пачалося самае цікавае: ад тэорыі перайшлі да практыкі. Пружанскія педагогі паказалі майстар-класы па самых разнастайных накірунках дзейнасці. Асобная секцыя для педагогаў-дэфектолагаў размясцілася на першым паверсе. Пад кіраўніцтвам мясцовых спецыялістаў госці пазнаёміліся з выкарыстаннем ЛЕГО-тэхналогій, пагулялі ў гульні і нават патанцавалі.
Загадчыкі вучэбна-метадычных кабінетаў сабраліся на другім паверсе. У іх праграме значыўся і майстар-клас па STEM-адукацыі, семінар па інклюзіі, трэнінг па правядзенні аналізу і сама-аналізу ўрока.
Асобныя секцыі працавалі для намеснікаў дырэктараў па вучэбнай і выхаваўчай рабоце, намеснікаў загадчыкаў устаноў дашкольнай і дадатковай адукацыі. Па ўсіх накірунках пружанскія спецыялісты паказалі сапраўднае майстэрства.
Нават з назваў трэнінгаў бачна, што яны ідуць у нагу з часам, толькі ўслухайцеся: “Нейраграфія як форма эмацыянальнага ўзнаўлення педагогаў”, “Выкарыстанне QR-кодаў як элемента ўкаранення мабільных прылад у сучасным адукацыйным працэсе”, “Нейраграфіка. Мандалы развіцця”.
Адбылося падвядзенне вынікаў — і Пружанскі раён перадаў эстафету панарамы калегам з Жабінкі. А гэта значыць, што настаўнікі працягнуць папаўняць свае веды, каб зрабіць адукацыйны працэс больш простым і цікавым.
Кацярына Пашкевіч, Сяргей Талашкевіч (фота).