Воскресенье, 6 октября 2024

Пружанские и брестские врачи проконсультировали 136 человек в рамках акции «Здоровое сердце — секрет успеха»

1 340

Абласны праект «Здаровае сэрца — заклад поспеху», які стартаваў у сакавіку бягучага года, падыходзіць да завяршэння. Лакальная акцыя па прафілактыцы сардэчна-сасудзістых захворванняў дайшла як мінімум да кожнага райцэнтра Брэстчыны: дыягнастычныя ўсе даследаванні жадаючыя прайшлі на прадпрыемствах, у працоўных калектывах і грамадскіх месцах.
У міні-паліклініку пераўтварылася ў мінулую пятніцу фае гарадскога Палаца культуры: тут з 10.00 да 16.00 гадзін жыхароў Пружан і раёна прымалі не толькі медыкі Пружанскай цэнтральнай раённай бальніцы, але і ўрачы, і псіхолагі аддзела грамадскага здароўя Брэсцкага абласнога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.
Варта адзначыць, што акцыя выклікала непадробны інтарэс у жыхароў раёна: той, хто своечасова даведаўся пра медыцынскае мерапрыемства і меў жаданне праверыць здароўе, атрымаць кваліфікаваную кансультацыю, знайшоў час і магчымасць прыехаць нават з сельскіх населеных пунктаў. У выніку ў рамках акцыі медыкі прынялі 136 чалавек. Людзі мелі магчымасць вызначыць узровень глюкозы ў крыві, вымераць артэрыяльны ціск і навучыцца нюансам яго самастойнага вымярэння. Акрамя таго, жадаючыя маглі даведацца пра свой індэкс масы цела, прайсці тэст на даследаванне псіхаэмацыянальнага стану ў псіхолага. Усё — на бясплатнай аснове. За асобную плату можна было зрабіць экспрэс-аналіз на халестэрын. Ужо кіруючыся вынікамі аналізаў, урачы — тэрапеўты і валеолаг — праводзілі кансультацыі, у тым ліку і па розных аспектах здаровага ладу жыцця.
Адметна, што перава-жная большасць удзельнікаў акцыі — мужчыны і жанчыны ва ўзросце ад 50 да 70 гадоў. Больш за ўсё людзей цікавіў іх артэрыяльны ціск (у 29 чалавек ён аказаўся адхіленым ад нормы) і індэкс масы цела. Вызначылі глюкозу ў крыві амаль 70 чалавек (лічба магла б быць і большай: аналіз здаваўся, як і патрабуецца, нашча), у 14 з якіх паказчык аказаўся вышэйшым за норму. Паўтара дзясятка чалавек пажадалі зрабіць ліпідаграму, і ў выніку ў сямі з іх паказчык утрымання халестэрыну аказаўся перавышаным. Каля трох дзясяткаў чалавек атрымалі кансультацыю тэрапеўта, прыкладна столькі ж — урача-валеолага.
Да слова, Пружаны сталі адным з трох гарадоў Брэстчыны, куды ў рамках акцыі выязджалі спецыялісты з вобласці. Як растлумачыла ўрач-валеолаг з Брэста В.С.Машэнская, прычына ў тым, што Пружанскі раён вылучаецца высокім паказчыкам смяротнасці ад сардэчна-сасудзістых захворванняў. «Увага на гэтую праблему звернута невыпадкова. Важна данесці да людзей: кантроль за ціскам — адзін са спосабаў кіраваць артэрыяльнай гіпертэнзіяй і абараніць сябе ад сур’ёзных сітуацый. І нават калі ў чалавека звычайна ціск у норме — гэта не падстава расслабляцца: хаця б пару разоў на тыдзень трэба вымяраць ціск. Акрамя таго, важна ведаць, якія лекавыя сродкі прыняць, пакуль не падаспела кваліфікаваная дапамога», — зазначыла Валянціна Сяргееўна.
Марына ВАКУЛЬСКАЯ. Фота Сяргея Талашкевіча.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *