Суббота, 26 апреля 2025

Пружанскі вынаходнік Генадзь Козел

402

Пружанскага вынаходніка Генадзя Козела нашы чытачы- «старажылы» павінны ведаць: гадоў 20 таму «Раённыя будні» расказвалі пра адну з яго рэалізаваных ідэй — «Супер-мухалоў». Генадзь Паўлавіч знайшоў спосаб барацьбы са шкоднымі насякомымі ў садах, на жывёлагадоўчых комплексах і нават у лесе без хімічных уздзеянняў. Гісторыя пра пружанскага вынаходніка была падхоплена абласнымі, потым рэспубліканскімі і нават расійскімі СМІ. У выніку да яго мяшкамі прыходзілі пісьмы з розных куткоў Беларусі і Расіі ад садаводаў-аматараў і ўладальнікаў фермерскіх гаспадарак.

Тады Генадзь Козел дзяліўся некаторымі задумкамі на будучыню. Мінула нямала часу, і мы зноў сустрэліся з героем колішняй публікацыі, каб даведацца, што ўдалося рэалізаваць і над чым сёння працуе пружанскі вынаходнік.

Як высветлілася, Генадзь Паўлавіч працягваў працаваць над удасканаленнем былой ідэі, а таксама сабраў некалькі працуючых новых вынаходніцтваў. У прыватнасці, з былога вырабу стужкі на ферамонах наладзіў новую вытворчасць — УФ-пастка для начных матылькоў. З іх нашэсцем спраўляюцца толькі з дапамогай пестыцыдамі, але ў Козела атрымалася знайсці «бесхімічны» падыход, дзякуючы чаму можна наладзіць выпуск экалагічна чыстай садавіны і агародніны.

Увогуле на сённяшні дзень у партфоліа нашага земляка больш за паўдзясятка патэнтаў. Пры гэтым першыя задумкі ён рэалізаваў яшчэ ў 1980-я гады, калі служыў у арміі. Спачатку распрацаваў электронную пастку для грызуноў. А потым…

— Воінскую службу пасля «вучэбкі» я працягнуў на зенітна-ракетным комплексе С-300, і пры першым знаёмстве з ім здзівіўся абслугоўванню гэтай зброі. Распрацаваў адзін блок, які павялічыў хуткадзейнасць супрацьпаветранага шчыта. У пацвярджэнне атрымаў пасведчанне пад грыфам «Цалкам сакрэтна».

Дарэчы, Генадзь Паўлавіч — прадаўжальнік дынастыі вынаходнікаў Козелаў у трэцім пакаленні. Першым быў дзед, які са сваёй ідэяй нават з’ездзіў у Амерыку і прыехаў даволі заможным на той час. Потым пасля Вялікай Айчыннай вайны карысную мадыфікацыю для аўтамабіля «Студэбекер» распрацаваў бацька, Павел Козел, за што атрымаў ганаровую грамату, якая беражліва захоўваецца сынам. І вось цяпер Генадзь Паўлавіч не толькі працягнуў сямейную справу, а і значна пашырыў яе. Пры гэтым працэс кіруецца з дапамогай смартфона.

Нас вельмі цікавіла, што падштурхоўвае да вынаходніцтва і адкуль бяруцца задумкі? Як паведаміў наш зямляк, нягледзячы на тое, што любая новая тэхналогія звязана з атрыманнем матэрыяльнага стымулу, спачатку ўсё-такі ўзнікае ідэя. Насамрэч, на першым плане стаіць жаданне палепшыць умовы жыцця.

— Кожны вынаходнік імкнецца вырашыць адпаведныя складанасці ў быце, зразумела, адразу для сябе, а потым і навакольных. Задумка выбудоўваецца да моманту матэрыяльнай рэалізацыі. Пасля аўтар мяркуе, якім чынам яе можна зрабіць прасцей, наладзіць серыйны выраб. Толькі тады вынаходніцтва выходзіць на ўзровень бізнесу.

З аднаго боку, сёння, як лічыць пружанец, стаць вынаходнікам нескладана. Патрэбны добрыя веды, пачынаючы з адданай школьнай вучобы і заканчваючы дасканалым навучаннем у ВНУ. Ды не проста дзеля дыплома, а з удумлівым засваеннем адпаведных навук. А потым можна пайсці па тым шляху, што зараз ідзе ўвесь свет: удакладняць ужо выкарыстоўваемыя тэхналогіі.

— У прыватнасці, Зварыкін распрацаваў прынцып тэлебачання 101 год таму, і той з сучаснымі мадыфікацыямі выкарыстоўваецца па сённяшні дзень, — кажа Генадзь Паўлавіч. — А вось і мой уласны прыклад. Дасканала вывучыў прынцып дзеяння гіраскутэра, электравеласіпедаў-самакатаў, на падставе чаго распрацаваў свой падыход. І не проста транспартны сродак, а базавае шасі, на якім можна размяшчаць любыя прылады — ад касілкі да кур’ерскай дастаўкі.

Ідэю аўтаматызацыі рухомай тэхнікі з так званым «беспілотным кіраваннем» прапрацоўваюць зараз многія, вось толькі тыя праекты патрабуюць істотных капіталаўкладанняў у серыйны запуск. Не выкрываючы сакрэтаў і «ноў-хаў», аўтар вынаходніцтва расказаў, што яго мадэль каштуе каля 1000 рублёў, пры гэтым уся работа заснавана на самых танных падыходах, без спадарожнікавай навігацыі, і падыходзіць для стварэння нават дыстанцыйна кіруемых мота-блокаў.

Ёсць і іншыя задумкі, пра якія пружанскі вынаходнік паабяцаў расказаць падрабязней, калі іх атрымаецца «памацаць».

Мы не маглі не пацікавіцца, ці ведае Генадзь Паўлавіч яшчэ айчынных вынаходнікаў? Магчыма, ёсць нават форумы ў сетцы для зносін паміж сабой?

На гэтыя пытанні пружанец адказаў адмоўна, і прычынай гэтаму лічыць тыя падыходы да стымулявання вынаходніцтва ў Беларусі, якія застаюцца «сырымі». Пэўныя зрухі ёсць, але яны пакуль не маюць сістэмнага характару або разлічаны на вызначаную катэгорыю саіскальнікаў.

— Перакананы, што вынаходнікаў у Беларусі нямала, наш народ заўсёды вызначаўся кемлівасцю. Вось толькі яны працуюць «для сябе», не выходзячы на грамадства. Некаторыя ўкараняюць ідэі ў якую-небудзь вытворчасць, але не патэнтуюць распрацоўку, таму што ў нас вельмі складаны алгарытм рэгістрацыі, прайсці якую патрабуе нямала сіл, часу і грошай.

Хаця Генадзь Козел пагадзіўся, што перспектывы для падтрымкі вынаходнікаў у рэспубліцы ёсць, патрэбна толькі ўдумліва рэалізаваць іх.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік