Суббота, 24 января 2026

Пружанскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва адзначыў 20-годдзе (+ многа фота)

530

Калі гутарка ідзе пра сацыяльную накіраванасць дзяржавы, мы ўзгадваем сферы аховы здароўя, адукацыі і культуры, стварэнне ўмоў для заняткаў фізкультурай і спортам, работу па ахове працы, падтрымку інвалідаў, састарэлых, шматдзетных сем‘яў. Адной са структур, якія займаюцца ўвасабленнем у жыццё дзяржаўнай палітыкі па абароне самых уразлівых слаёў грамадства, сталі тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. У Пружанскім раёне такі цэнтр быў створаны 20 гадоў таму, 18 сакавіка 2003 года. І з гэтай нагоды ў Палацы культуры наладзілі ўрачыстае мерапрыемства.

У зале сабраліся не толькі работнікі цэнтра, але і прадстаўнікі прафсаюзных арганізацый, ГА «Беларускі саюз жанчын», ГА «Белая Русь», раённага савета ветэранаў, калегі з упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама – словам, усе, з кім цесна супрацоўнічае Пружанскі ТЦСАН. Як адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч, падапечныя заўсёды з нецярпеннем чакаюць прыходу сваіх сацыяльных работнікаў, зносін з імі і параўнаў апошніх з добрымі чараўнікамі, якія не толькі дапамагаюць у вырашэнні бытавых пытанняў, але і дораць людзям цяпло сваіх сэрцаў.

Руслан Васільевіч зачытаў прывітальнае пісьмо старшыні райвыканкама Міхаіла Грышкевіча, а таксама ўручыў у якасці падарунка ад раённай арганізацыі ГА «Беларускі фонд міру» тэлевізар для аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту.

Наогул, падарункаў і ўзнагарод падчас мерапрыемства было ўручана шмат. За шматгадовую добрасумленную працу Ганаровыя граматы камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Брэсцкага аблвыканкама атрымалі спецыяліст па сацыяльнай рабоце Святлана Прэдка,  сацыяльны работнік Ала Гаманчук, Падзякі старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Брэсцкага аблвыканкама – сацыяльныя работнікі Алена Кацэфірка і Рыма Болдырава. Граматы Пружанскага раённага выканаўчага камітэта ўручылі сацыяльнаму работніку Валянціне Цабрук, загадчыцы аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Вользе Сахарук, Падзячныя пісьмы райвыканкама – сацыяльным работнікам Ірыне Гук і Валянціне Грышкевіч. Ганаровай граматай Пружанскага раённага Савета дэпутатаў узнагародзілі загадчыцу аддзялення пярвічнага прыёму, аналізу, інфармавання і прагназавання Алену Бартасевіч, юрысконсульта Анастасію Тарасевіч.

Дырэктар ТЦСАН Нэлі Педчанка ўручыла Падзякі многім работнікам цэнтра, шэраг узнагарод атрымалі і яго ветэраны. Але, напэўна, найвышэйшай узнагародай станавіліся шчырыя ўсмешкі, добрыя словы, што гучалі ў адрас міласэрных, высакародных, прафесійных людзей. Адзначылі і тое, што сама Нэлі Георгіеўна кіруе цэнтрам з самага пачатку яго існавання. Менавіта ў гэтай справе знайшла яна сваё прызванне.

Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання на сённяшні дзень – гэта некалькі структурных падраздзяленняў, у кожнага з якіх свае задачы. Аддзяленне сацыяльнай дапамогі на даму – самае шматлікае, тут працуе 131 чалавек. 97 сацыяльных работнікаў абслугоўваюць больш за 400 непрацаздольных грамадзян, інвалідаў, 42 жыхары раёна карыстаюцца паслугамі сядзелкі. Гэта вельмі адказны і нялёгкі ўчастак, але што ў сацыяльным абслугоўванні можна назваць «лёгкай» справай? Догляд нямоглых людзей? Работу з ахвярамі хатняга насілля? Рэабілітацыю і абілітацыю інвалідаў? Усё гэта патрабуе не толькі спецыяльных ведаў і навыкаў, але і вялізнага душэўнага напружання, умення спачуваць, шчыра любіць сваіх падапечных.

У 2008 годзе ў ТЦСАН з‘явілася аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў. Зараз тут на абслугоўванні знаходзіцца 32 чалавекі. Для іх працуюць гурткі і клубы, функцыянуюць працоўныя майстэрні. Маладыя інваліды не толькі маюць магчымасць зносін (многія былі б пазбаўлены гэтага, седзячы дома), але і вучацца догляду раслін, шыццю, майстраванню. Са словамі ўдзячнасці ад усіх бацькоў выйшла на сцэну Людміла Раеўская. Са слязьмі на вачах жанчына дзякавала людзям, якія знайшлі падыход да «асаблівых» дзяцей. «Той, хто сутыкаўся з доглядам дзіцяці-інваліда, ведае, колькіх намаганняў гэта каштуе. А тут не аднаго даглядаюць, а многіх», – казала Людміла Аляксандраўна. Дарэчы, і самі выхаванцы аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі і абілітацыі выступілі з канцэртным нумарам, чым заслужылі самыя шчырыя апладысменты.

У канцэрце паўдзельнічалі і наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту. Жанчыны спелі песню на італьянскай мове і паказалі танцавальна-спартыўны нумар. І таксама звярнуліся з падзякай да  работнікаў аддзялення, якое наведвае больш за 140 чалавек. «Цяжка ўявіць, што мы, пенсіянеры па ўзросце, маглі б быць пазбаўлены зносін, вымушаны былі б сумаваць перад тэлевізарам, – сказала Яўгеня Вашкевіч. – А мы пад кіраўніцтвам Марыны Кавальчук, Алены Астапчык і іншых кіраўнікоў гурткоў займаемся аэробікай і скандынаўскай хадзьбой, вучым італьянскую мову, спяваем, асвойваем камп‘ютарную тэхніку,
удзельнічаем у мерапрыемствах. Ды нам проста няма калі старэць».

На газетнай старонцы немагчыма пералічыць усіх выступоўцаў, працытаваць усе цёплыя пажаданні, выказаныя імі, апісаць цудоўныя выступленні лепшых мясцовых мастацкіх калектываў і салістаў. А завяршылася мерапрыемства на высокай ноце песняй «Мільёны сэрцаў».

Сапраўды, у сацыяльнага работніка – вялікае сэрца, якое здольна адгукнуцца на мільёны іншых сэрцаў…

Ірына Сядова. Фота Кацярыны Масік

Фотаальбомы з урачыстага мерапрыемства: https://vk.com/album-23306785_292309149 і https://ok.ru/budni/album/958920144776