Пружанскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі нагадвае, што настаў сезон захворвання на вострыя рэспіраторныя інфекцыі (ВРІ). У нашым раёне, як і па ўсёй Брэсцкай вобласці, цяпер адзначаецца рост захворвання на ВРІ. Гэты «сезон прастуд» звычайна працягваецца да красавіка.
Прымаючы да ўвагі той факт, што каранавірус таксама працягвае цыркуляваць, у перыяд сезоннага ўздыму вострых рэспіраторных хвароб высокая рызыка заражэння адначасова некалькімі вірусамі. Перш за ўсё, небяспеку ўяўляе спалучэнне ў чалавеку інфекцыі COVID-19 і сезоннага грыпу. Абодва вірусы неспрыяльна ўплываюць на лёгачную тканку, выклікаючы пнеўманіі. Даказаным з’яўляецца развіццё пасля грыпу такіх ускладненняў, як міякардыт, сінусіт, атыт, трахеіт, менінгіт, энцэфаліт, міязіт і іншых. Але ў кожнага чалавека ёсць магчымасць дапамагчы сабе, зрабіўшы прафілактычную прышчэпку.
Шматлікія незалежныя даследаванні і аналізы міжнароднага ўзроўню дэманструюць безумоўную карысць вакцынацыі супраць грыпу. 7-9 чалавек з кожных 10 прышчэпленых пазбягаюць захворвання на грып, а ў тых, хто ўсё ж захварэў, хвароба працякае ў больш лёгкай форме і без ускладненняў. Апроч карысці індывідуальнай, ёсць і грамадская: вакцынацыя супраць грыпу папярэджвае велізарную нагрузку на медыцынскія ўстановы ў перыяд уздыму захворвання.
Вядома, што вірусы грыпу схільныя да пастаяннай мутацыі. За ўласцівасцямі іх увесь час назіраюць нацыянальныя і міжнародныя лабараторыі і цэнтры. Праводзіцца глабальнае прагназаванне, якія штамы (варыянты) вірусаў будуць лідзіраваць у наступным сезоне, што дазваляе вытворцам уключаць у склад вакцын адпаведныя штамы віруса. Ёсць падобныя рэкамендацыі і на бягучы «грыпозны» сезон.
Для вакцынацыі сёлета ў нашым раёне выкарыстоўваюцца:
- «Вакцына для прафілактыкі грыпу» (трохвалентная) расійскай вытворчасці для бясплатнай вакцынацыі кантынгентаў з груп рызыкі,
- «Ваксігрып Тэтра» вытворчасці Францыі, — для платнай вакцынацыі (пры жаданні).
Гэтыя вакцыны не ўтрымліваюць жывыя штамы віруса, а толькі яго асобныя часцінкі, таму захварэць на грып у выніку вакцынацыі нельга.
Нагадваем, што вакцынацыя супраць грыпу патрэбна ўсім і наяўныя вакцыны могуць выкарыстоўвацца як у дзяцей з шасцімесячнага ўзросту, так і ва ўсіх катэгорый дарослых (пры адсутнасці супрацьпаказанняў).
Адзіным абсалютным супрацьпаказаннем з’яўляецца цяжкая алергічная рэакцыя (напрыклад, анафілактычны шок) на папярэднюю дозу вакцыны. Але падобныя выпадкі сустракаюцца вельмі рэдка (паводле дадзеных даследаванняў, 0,07 выпадка на 100 тысяч доз) і пераважна пры ўвядзенні жывых вакцын.
Цяжкае вострае захворванне або абвастрэнне хранічнага захворвання — не падстава адмовіцца ад прышчэпкі, гэта проста нагода адкласці вакцынацыю да папраўкі.
У любым выпадку, урач прызначыць правядзенне прышчэпкі толькі пасля ацэнкі стану пацыента, анамнезу і з улікам магчымых супрацьпаказанняў, выкладзеных у інструкцыі да канкрэтнай вакцыны.
У першую чаргу прышчапіцца супраць грыпу рэкамендуецца найбольш уразлівым і эпідэміялагічна значным групам насельніцтва: гэта дзеці ва ўзросце ад шасці месяцаў да трох гадоў, дзеці і дарослыя з хранічнымі захворваннямі і імунадэфіцытнымі станамі, асобы, старэйшыя за 65 гадоў, цяжарныя жанчыны, медыцынскія і фармацэўтычныя работнікі, дзеці і дарослыя ва ўстановах з кругласутачным рэжымам знаходжання, работнікі дзяржаўных органаў, якія забяспечваюць бяспеку дзяржавы і жыццядзейнасць насельніцтва.
Акрамя гэтага, вакцынацыя важная для асоб, якія ў сваёй дзейнасці кантактуюць з вялікай колькасцю людзей: работнікаў сферы адукацыі, гандлю, грамадскага харчавання, грамадскага транспарту, камунальнай гаспадаркі і інш.
На працягу 2-3 тыдняў пасля вакцынацыі фарміруецца ахоўны ўзровень антыцелаў супраць вірусаў грыпу, аптымальная абарона ад грыпу захоўваецца ў першыя тры-шэсць месяцаў пасля вакцынацыі. Вакцынацыя, праведзеная з верасня па лістапад, забяспечвае абарону ад грыпу на працягу пікавага сезона.
Акрамя таго, ва ўсіх установах аховы здароўя ёсць у дастатковай колькасці вакцына супраць COVID-19. Дапускаецца сумеснае (у адзін дзень) увядзенне вакцын супраць грыпу і COVID-19.
Як і ў папярэднія гады, на прадпрыемствах і ў арганізацыях робіцца вакцынацыя жадаючых выязнымі брыгадамі.
Нагадваем, што актуальнымі застаюцца такія простыя меры прафілактыкі захворванняў, як захаванне рэспіраторнага этыкету, сацыяльнай дыстанцыі, правільнае харчаванне, прагулкі на свежым паветры, рэжым сну і адпачынку і інш.
Запрашаем усіх на вакцынацыю! Паклапаціцеся пра сваё здароўе!
Анастасія Браніцкая, урач-эпідэміёлаг
Як паведамілі ў Пружанскай паліклініцы, прышчэпку можна зрабіць у кабінеце № 24.
Час работы прышчэпачнага кабінета: панядзелак-пятніца — з 8.00 да 20.00 (перапынак на ўборку і кварцаванне з 13.00 да 13.30), субота — з 9.00 да 13.00, нядзеля — выхадны.
Алгарытм праходжання вакцынацыі:
- Звярнуцца ў рэгістратуру.
2. Падысці на прыём да ўрача агульнай практыкі (без талона, без чаргі).
3. Пасля агляду ўрачом агульнай практыкі зрабіць прышчэпку ў кабінеце № 24.
4. Праз паўгадзіны пасля прышчэпкі — паўторны агляд урачом агульнай практыкі.