Пятница, 14 февраля 2025

Пружанскі раён трэцім у вобласці намалаціў 100 тысяч тон новага ўраджаю!

1 058

100 тысяч тон збожжа! Хоць для хлебаробаў раёна такі намалот далёка не рэкордны, яго вельмі чакалі. Да гэтага мэтанакіравана ішлі ўсе без выключэння аграрыі Пружаншчыны. Імкнуліся сваёй плённай працай, шматгадзіннымі зменамі і жаданнем, як і раней, быць сярод лідараў. Паказчык быў дасягнуты ўвечары 15 жніўня, таму на наступны дзень камбайнеры ААТ «Агра-Калядзічы», а разам з імі ўсе работнікі сельгасарганізацый Пружаншчыны, прымалі віншаванні.

Стотысячны рубеж на жніве-2021 Пружанскі раён пераадолеў трэцім у вобласці. Летась жа менавіта Пружаншчына першай паклала 100 тысяч тон у каравай рэгіёна. Сёлета нас апярэдзілі Баранавіцкі і Камянецкі раёны. Віной таму – засушлівае надвор’е, якое ўстанавілася якраз падчас налівання коласу. А яшчэ дажджы, вынік якіх – палегласць і страты ўраджаю.

Менавіта таму ўборачная кампанія ў ААТ «Агра-Калядзічы» не завершана. Але і тут яна выходзіць на фінішную прамую: работнікам гаспадаркі засталося ўбраць крыху больш за 10% плошчаў. На жніве працуе 12 камбайнаў. Практычна ўся тэхніка айчыннай вытворчасці – на палетках можна сустрэць камбайны «КЗС-10», «КЗС-1218», а таксама «Джон Дзір».

Да кожнага камбайна прымыкае аўтамабіль, які перавозіць збожжа. На дапрацоўцы ўраджаю ў гэтым сезоне працуе тры КЗС. Дарэчы, гаспадарка ўжо выканала дзяржзаказ. Пастаўлена 1150 тон пшаніцы і 150 тон прамысловага ячменю, а таксама 110 тон рапсавага насення.

Вялікую ўвагу ў «Агра-Калядзічах» надаюць такой культуры, як трыцікале. Галоўны аграном Л.У.Чарняк прызнаецца, што яна дапамагае павысіць ураджайнасць. А па гэтым паказчыку таварыства – сярод раённых лідараў.

На трыцікалевым палетку гэтай гаспадаркі наш раён і прымаў віншаванні са 100-тысячным намалотам. Герояў урачыстасці сваімі спевамі віталі салісты Калядзіцкага СДК. Словы падзякі хлебаробам прагучалі ад намесніка начальніка Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама В.А.Рудзя. Віталь Анатольевіч падкрэсліў, што вынік – сведчанне працавітасці людзей, іх энтузіязма, умення і жадання працаваць на зямлі. Затым ён уручыў Падзячнае пісьмо старшыні аблвыканкама Ю.В.Шулейкі першаму намесніку старшыні райвыканкама – начальніку аддзела па сельскай гаспадарцы і харчаванні Т.А.Вараб’ёвай.

— Сто тысяч тон для аграрыяў Пружаншчыны – гэта не проста рубеж. Гэта лічба, ніжэй за якую вы проста не павінны апускацца, — сказаў выканаўчы дырэктар абласнога аграпрамысловага саюза С.Д.Ашмянцаў. — Асноўны накірунак раёна – жывёлагадоўчы, і каб поўнасцю забяспечыць пагалоўе кармамі, трэба намалочваць у 1,5 разы больш. Але ўсе без выключэння аграрыі раёна вельмі стараліся. «Агра-Калядзічы» дык увогуле заўсёды паказвала, як трэба працаваць. Менавіта на гэтай зямлі шчыраваў Герой Сацыялістычнай Працы Яўген Іванавіч Кудзінаў. Вашы палі наведваў Прэзідэнт. Упэўнены, што задачы, якія стаяць перад вамі, будуць выкананы. Моцнага здароўя вам і новых поспехаў!

Сяргей Дзмітрыевіч пажадаў намалочваць не менш за 150, а то і 200 тысяч тон збожжа, а таксама ўручыў Таццяне Вараб’ёвай Падзячны ліст ад абласнога аграпрамысловага саюза і салодкі падарунак з ураджаю-2021.

Начальнік раённага ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні, у сваю чаргу, зазначыла, што на ўборачнай-2021 у раёне задзейнічана 133 экіпажы. Раён разлічваў на большы ўраджай, але ў планы ўмяшалася надвор’е. Ужо зараз, па словах Таццяны Анатольеўны, можна гаварыць пра недабор 40 тыс. тон збожжа. Але нягледзячы на гэта, аграрыі спрацавалі годна. Цяпер, каб закончыць жніво ў аптымальныя тэрміны, адстаючым гаспадаркам дапамагае тэхніка з іншых сельгаставарыстваў. Найбольшы ўнёсак у агульны каравай сёлета зрабілі працаўнікі ААТ «Ружаны-Агра», агульны намалот якога склаў амаль 20 тыс. тон. Практычна 15 тыс. тон у засекі раёна паклала ААТ «Жураўлінае». Больш за 10 тыс. тон – «Велікасельскае Агра».

ААТ «Агра-Калядзічы» намалаціла ўжо амаль 8 тыс. тон. У планах – яшчэ тысяча. Значных поспехаў на жніве-2021 дасягнулі Віктар Аляксандравіч Чэрнік і Павел Мікалаевіч Швядзюк. Разам на «КЗС-1218» яны шчыруюць толькі першы сезон, але ўжо намалацілі больш за 1050 тон збожжа. Прызнаюцца, што працаваць было складана, але вынік таго варты.

— Спякота, канечне, шкодзіла раслінам, але няпроста было і камбайнерам, — кажа Віктар Аляксандравіч, які працуе ў гаспадарцы 20 гадоў. А вось для Паўла жніво-2021 – першае ў жыцці. Уласна, толькі першы год ён працуе ў таварыстве. І ўжо заслужыў павагу старэйшага калегі: В.А.Чэрнік памочнікам задаволены.

Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік.