Кожнае лета на палетках раёна разварочваецца сапраўдная бітва за ўраджай. На жніве няма дробязяў і нюансаў, як няма і лішніх людзей. Толькі пры граматна арганізаванай рабоце збожжавая ніва аддзячвае сваёй шчодрасцю і высокімі намалотамі. Пружанскія аграрыі гэта выдатна ведаюць. Рубеж у 100 тысяч тон (дарэчы, наш раён упершыню перасягнуў яго роўна 45 гадоў таму, у 1977-м) — ужо добрая традыцыя і паказчык якасці. Сёлета запаветная лічба пакарылася хлебаробам 9 жніўня.
Ужо на наступны дзень работнікі сельскай гаспадаркі Пружаншчыны прымалі заслужаныя віншаванні.
Святочнае мерапрыемства з нагоды статысячнага намалоту на гэты раз разгарнулася непадалёк ад вёскі Росахі, на палях філіяла «Айчына» ААТ «Белавежскі». Гэта невыпадкова і вельмі сімвалічна, што падкрэсліў старшыня аблвыканкама Юрый Шулейка. Кіраўнік вобласці не мог не завітаць у наш раён. Ён падзякаваў хлебаробам за працу і ўзгадаў, што раней «Айчына» грымела на ўсю краіну, гаспадарка была вельмі магутнай. Вынікі своеасаблівага рэбрэндынгу, які адбыўся напачатку года, ужо навідавоку: павялічваюцца надоі, расце ўрджайнасць. Адметна, што самы першы перадавік-«тысячнік» жніва-2022 у раёне — вадзіцель Васілій Півень — менавіта з «Айчыны». А літаральна за пару гадзін да свята сюды на дапамогу ва ўборцы ўраджаю прыехалі 25 камбайнаў з аддзяленняў Мінкавічы, Расна, Каралін і Навасёлкі ААТ «Белавежскі» Камянецкага раёна. Што і казаць, гаспадарка пад надзейным крылом, а самае галоўнае, яе работнікі гатовы шчыра працаваць і павялічваць паказчыкі.
— Думаю, што да статысячнага намалоту мы дадамо яшчэ 30 працэнтаў. Такім чынам, па папярэдніх падліках, Пружаншчына сёлета павінна атрымаць каля 135 тысяч тон ураджаю: прыкладна 10 працэнтаў ад агульнаабласнога караваю. Увогуле, раён добра падрыхтаваны да жніва як матэрыяльна, так і тэхнічна. Таму і далей — мінімум прастояў і максімум намаганняў. Вы — гаспадары на гэтай зямлі, падыходзьце да справы з асаблівай адказнасцю, — сказаў Юрый Вітольдавіч.
Узгадаў губернатар і былога старшыню Пружанскага райвыканкама Юрыя Бісуна, пад кіраўніцтвам якога праходзіла мінулагодняя сяўба азімых, пачатак веснавых работ і, фактычна, закладваўся ўраджай-2022. Юрый Шулейка прызнаўся: да назначэння ў раён новага кіраўніка падыходзіў вельмі адказна. Вельмі хацеў, каб Пружаншчына гарманічна развівалася, а рабіць гэта намнога прасцей разам з добра знаёмым чалавекам, з земляком. Таксама губернатар перадаў словы падзякі Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў адрас працаўнікоў Брэстчыны.
У сваю чаргу, старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч падкрэсліў, што вельмі рады за родны раён і ўдзячны людзям. Міхаілу Міхайлавічу была ўручана падзяка ад Юрыя Шулейкі, а яшчэ прыгожы каравай — сімвал запаветнага рубяжа ў 100 тысяч тон.
— Жніво — гэта экзамен, да якога мы рыхтуемся цэлы год. Гэта галоўны экзамен — сабраць хлеб, каб краіна квітнела і людзі жылі ў дастатку. Дзякуй кіраўнікам, спецыялістам, работнікам. Асобная падзяка механізатарам і вадзіцелям. Нам засталося ўбраць прыкладна чвэрць ураджаю. І мы справімся. Усім здароўя і дабрабыту, — такімі цёплымі словамі і пажаданнямі вітаў усіх Міхаіл Грышкевіч.
Прыбыў на палетак, каб раздзяліць радасную падзею з працаўнікамі Пружаншчыны, выканаўчы дырэктар абласнога аграпрамысловага саюза Сяргей Ашмянцаў. Як адзначыў Сяргей Дзмітрыевіч, пружанцы заўсёды робяць важкі ўнёсак у каравай Брэстчыны. Так адбылося і сёлета.
— Успамінаю 2002-гі, калі ў раён прыязджаў Кіраўнік дзяржавы. Канечне, паказчыкі тады былі куды больш сціплымі. Прыемна, што яны ўвесь час растуць. Спадзяюся, што хутка мы будзем святкаваць разам 150-тысячны, а то і яшчэ большы намалот. Усім цярпення і вытрымкі! — звярнуўся да хлебаробаў, кіраўнікоў гаспадарак, прафсаюзных актывістаў і ўсіх гасцей Сяргей Ашмянцаў. Затым уручыў старшыні райвыканкама Міхаілу Грышкевічу падзячны ліст і традыцыйны салодкі падарунак з зерня новага ўраджаю.
Што яшчэ было падчас свята? Зразумела, цудоўныя песні. Добра знаёмыя з дзяцінства кампазіцыі выканалі салісткі вакальнага гурта «Забава» аўтаклуба. Яны дакладна падарылі добры настрой механізатарам і іх памочнікам.
А апошніх ужо чакалі магутныя «караблі палёў», якія на час свята ўзялі зусім кароценькую паўзу і роўненькай лініяй выстраіліся на палетку. Дарэчы, ён быў убраны толькі часткова. Таму адразу пасля завяршэння мерапрыемства і кароткай размовы губернатара з кіраўнікамі гаспадарак, падчас якой Юрый Шулейка ў чарговы раз заклікаў вельмі адказна падыходзіць да справы, камбайны «паплылі» па полі. «Паплылі» па новыя намалоты і выдатныя вынікі, якія абавязкова стануць залогам харчовай бяспекі і перанясуцца на нашыя сталы духмянымі і такімі смачнымі боханамі хлеба.
Уладзіслаў Шпарла. Фота аўтара
Альбомы прама з поля тут: https://vk.com/album-23306785_285580569 і https://ok.ru/budni/album/945165102728