Среда, 19 февраля 2025

«Пружанскі палацык» захоўвае гістарычныя і памятныя фотаздымкі

2 182

Некалькі гадоў таму музей-сядзіба “Пружанскі палацык” прыняў удзел у культурніцкай ініцыятыве VEHA, якая займаецца захаваннем архіўнай фатаграфіі. За гэты час сабрана тры фотакалекцыі і надрукаваны адпаведныя фотаальбомы.

Адно з вясельных фота, зробленых у Пружанскім павеце, 1930 год.

Два з іх — «Дзявочы вечар» і «Апошні фотаздымак» – папоўнілі фонды нашага музея. Гэтыя альбомы змяшчаюць 316 вясельных і пахавальных фотаздымкаў, якія былі зроблены з 1900 па 1995 год на тэрыторыі сучаснай Беларусі, у тым ліку на Пружаншчыне. У прыватнасці, у альбом «Дзявочы вечар» увайшло 11 фотаздымкаў з фондаў «Пружанскага палацыка», пад кожным — суправаджальны тэкст.

Нагадаем, ініцыятыва VEHA была створана ў 2017 годзе, каб натхніць на захаванне аматарскай фатаграфіі і сямейных фотаархіваў, захаваць гісторыю штодзённасці. На жаль, беларускай архіўнай фатаграфіі засталося мала, шмат было страчана падчас войнаў. Таму захоўвайце старыя фотаздымкі і рабіце новыя!

Марына Каўтунюк, галоўны захавальнік фондаў музея-сядзібы «Пружанскі палацык»


АД РЭДАКЦЫІ

Прыняць удзел у папаўненні сацыяльнага архіва VEHA можа кожны. Сёння ініцыятыва распачала новы даследчы праект «Людзі лесу» – пра ўзаемаадносіны чалавека і лесу (дрэвы і жывёлы, паляванне і г.д.). Фота павінны быць зроблены на тэрыторыі сучаснай Беларусі да 1960 года.

Актывісты ініцыятывы збіраюць толькі адсканіраваныя фотаздымкі (арыгіналы застаюцца ва ўладальнікаў). Фармат: TIFF, JPG, памер не менш за 2500 пікселяў па кароткім боку.

Кожны здымак будзе апісаны спецыялістамі, пройдзе каталагізацыю і апублікуецца у анлайн-архіве з магчымасцю тыражыравання.

Сабраныя ў адкрытую электронную калекцыю здымкі будуць удзельнічаць у выставах, а найбольш цікавыя з іх увойдуць у альбом «Людзі лесу».

Адсканіраваныя фотаздымкі і тлумачальны тэкст (калі магчыма) дасылайце на адрас info@veha.by

Усю калекцыю фотаздымкаў «Дзявочы вечар» можна паглядзець тут: http://veha.by/dw.