Понедельник, 16 сентября 2024

Пружанскі «Мухавец» заняў чацвёртае месца на рэспубліканскай «Залатой шайбе»!

252

Даволі паспяховым стала выступленне пружанскай каманды «Мухавец» на рэспубліканскіх спаборніцтвах па хакеі «Залатая шайба» ў дывізіёне «А».

Нагадаем, што права прадстаўляць Брэстчыну на рэспубліканскім этапе хакейных баталій аматарская каманда 2009 года нараджэння заваявала ў выніку пераможнага выступлення на абласным этапе «Залатой шайбы» ў Івацэвічах. Там зборнай, якая дзейнічае пры РФСК «Мухавец» і трэніруе якую Дзмітрый Клімавец, не было роўных.

На мінулым тыдні на малой арэне сталічнага спарткомплексу «Чыжоўка-арэна» змагаліся мацнейшыя каманды з усіх рэгіёнаў краіны. Усяго скрыжавалі клюшкі восем каманд: шэсць з іх прадстаўлялі вобласці Беларусі, яшчэ дзве — горад Мінск.

Наш «Мухавец» стартаваў на рэспубліканскай «Залатой шайбе» з перамогі. У першы дзень каманда абышла «Шклоўскія льдзіны» з Магілёўшчыны з лікам 12:10. Другі матч пружанцы таксама запісалі на свой рахунак. Лік пасля сустрэчы з віцебскімі «Паўночнымі мядзведзямі» — 19:5.

На жаль, у трэці дзень не задалася гульня з мінскім «Тарнада». Сталічныя хакеісты выйгралі матч з лікам 18:0. Паражэнне не дазволіла «Мухаўцу» згуляць за 1-2 месца. Каманду чакаў паядынак за 3-4-е. Падчас яго сустракаліся з прадстаўнікамі Гродзеншчыны — «Прынёманскімі ястрабамі». Трэба сказаць, што наша каманда не здавалася, але сапернікі аказаліся мацнейшымі — 13:3. Такім чынам, аматарская зборная «Мухавец» размясцілася ў фінальным пратаколе роўна пасярэдзіне.

Падчас урачыстай цырымоніі ўзнагароджання заслужаныя кубкі атрымалі не толькі пераможцы. Былі адзначаны і лепшыя ігракі. Прадстаўнік «Мухаўца» Леў Шаўчук з Бярозы прызнаны лепшым бамбардзірам турніру. Ён выступаў пад нумарам 88 і падчас усіх матчаў набраў 22 ачкі — закінуў 17 шайб і зрабіў пяць паспяховых перадач.

Уладзіслаў Шпарла. Фота БЕЛТА і «Минск-Новости»