Пружанскі малочны камбінат любіць здзіўляць і радаваць сваіх пакупнікоў. Падарункам у новым годзе для ўсіх, хто выбірае пружанскую малочную прадукцыю, сталі адразу некалькі навінак. Ацаніць іх на смак усе жадаючыя маглі падчас дэгустацыі, якая адбылася ў фірменным магазіне «Верас» на вуліцы Палескай.
Пятніца — лепшы дзень для правядзення мерапрыемства. Па словах спецыяліста па маркетынгу Іны Івановай, а менавіта яна сустракала наведвальнікаў у «Верасе», з арыентацыяй на спажыўца выбіралі і час: паспрабаваць навінкі можна было пасля абеду. Усё для таго, каб пружанцы, па-першае, паспелі на дэгустацыю пасля працоўнага тыдня, а па-другое, выйшлі з «Вераса» з усмешкай і добрым настроем.
Дарэчы, мерапрыемства малочны камбінат праанансаваў загадзя на афіцыйнай старонцы @prjmilk_ у Instagram. Размяшчалі анонсы ў сваіх электронных рэсурсах і мы. У тым ліку дзякуючы гэтаму пружанцы ўжо з першых мінут дэгустацыі пацягнуліся да стэнда з навінкамі, які размясціўся побач з вітрынай-халадзільнікам з сырамі.
Дык што ж прапаноўвалі пакаштаваць? Адразу тры віды прадукцыі. Адным з іх быў цвёрды сыр «VAN GOLD MOLITER» з кавалачкамі труфеля. Дарэчы, яго напрыканцы 2022-га змаглі ацаніць наведвальнікі міжнароднай выставы ў Грузіі. Цяпер ён у продажы ў Пружанах.
Папаўненне адбылося і ў лінейцы плаўленых сыроў. Да ўжо знаёмых «Сметанковага», «Шакаладнага» і з праванскімі травамі дадаўся плаўлены сыр «Томатюр» з таматамі, перцам і часнаком. Яго ўжо таксама можна знайсці на паліцах «Вераса».
А вось пра яшчэ адну навінку — сметанковае масла з журавінамі — трэба расказаць больш падрабязна. На смак асабіста мне яно нагадала крэм, многія параўноўваюць масла з белым шакаладам. І самае галоўнае: выпускаецца яно не пад ужо знаёмымі брэндамі «Шчодрыя Пружаны» ці «VAN GOLD», а пад маркай «Любімы Брэст». Нагадаем, што магазін канцэрна «Брэстмясамалпрам» менавіта з такой назвай можна знайсці ў ТЦ «Сталіца» ў Мінску. З мэтай прыцягнення ўвагі да гэтага брэнда і з’явіўся новы прадукт. А вось каб паспрабаваць яго, ехаць у Мінск зусім неабавязкова.
Што больш за ўсё спадабалася карэспандэнту, думаецца, вы зразумелі. А што з навінак ацанілі пружанцы?
Ірына Міхайлаўна:
— Даведалася пра дэгустацыю і, канечне, вырашыла прыйсці. Тым больш шмат гадоў адпрацавала на камбінаце, таму заўсёды цікава пазнаёміцца з навінкамі. У час маёй работы прадпрыемства выпускала плаўленыя сыры, потым іх некаторы час не было. Радуе, што зараз вытворчасць аднавілася і нават пашыраецца. Спадабаўся і новы сыр «MOLITER». Увогуле, вельмі люблю малочную прадукцыю і з вялікім задавальненнем набываю масла, тварог, сыры ад мясцовага вытворцы.
Таццяна:
— Ацаніла новы плаўлены сыр — ну зусім не падобны на іншыя, незвычайны смак, крыху з кіслінкай. Уся лінейка плаўленых сыроў — і сметанковы, і шакаладны — мне падабаецца, заўсёды бяру. І раю іншым.
Аляксандр Мікалаевіч:
— Сёння ўсё вельмі спадабалася. Сам жа вельмі люблю цвёрдыя сыры. Разам з жонкай часцей за ўсё аддаём перавагу «Расійскаму». Лічу, што наша пружанская прадукцыя — самая лепшая, а Пружанскі малочны камбінат — наперадзе ўсіх!
Ацанілі масла з журавінамі і новы сыр і чатырохгадовая Стэфанія (на здымку вышэй) разам з мамай Вольгай. Дзяўчынка на пытанне, ці смачна, задаволена ўсміхнулася, адказала «так» і паказала «клас» прадукцыі камбіната. У сваю чаргу, тут абяцаюць і надалей радаваць спажыўцоў. І, канечне, гэтая дэгустацыя далёка не апошняя, таму сачыце за навінамі і навінкамі камбіната.
Уладзіслаў Шпарла. Фота аўтара
Фотаальбом з дэгустацыі: https://vk.com/album-23306785_290979389