Среда, 19 августа 2026

Пружанскі лясгас першым у вобласці набыў квадракоптар. Расказваем, як сучасная тэхніка дапамагае чалавеку

768

Пружанскі лясгас набыў квадракоптар самым першым у вобласці. Нягледзячы на даволі сціплыя памеры гэтай тэхнікі, яе наўрад ці можна назваць цацкай, улічваючы, якія задачы выконвае лятальны апарат.

Як зазначае дырэктар Пружанскага лясгаса У.У.Жалнерчык, набыццё квадракоптара — уласная ініцыятыва лясгаса, мэтазгоднасць якой была пацверджана практыкай.

— Лятальны апарат, які можа перадаць «карцінку» зверху, нам неабходны для маніторынгу стану лясных масіваў,— расказвае Уладзімір Уладзіміравіч.— З дапамогай яго мы вызначаем межы зон усыхання або бураломаў. Немалую дапамогу тэхніка аказвае і ў выяўленні лясных пажараў, а таксама ў іх аператыўнай лакалізацыі і ўхіленні.

Ва ўсіх гэтых мерапрыемствах квадракоптар паспеў паказаць свае перавагі.

Некалькі гадоў запар сучасная тэхніка дапамагае лесадаглядчыкам у важнай рабоце. Галоўная з пераваг — эканомія часу і сродкаў. Зразумела, што ў лесе не ўсюды могуць дабрацца машыны, часам даводзілася пасылаць спачатку пешую разведку, каб яна праклала маршрут да месца ўзгарання. Цяпер жа прыкладную карту можна адразу скласці, як кажуць «з вышыні птушынага палёту».

Асаблівую выгаду ад набыцця квадракоптара арганізацыя атрымала падчас сур’ёзных пажараў, што ахапілі поўдзень Брэстчыны ў мінулым годзе. У такой надзвычайнай сітуацыі вельмі патрэбна аператыўная інфармацыя, бо дадзеныя мяняюцца амаль кожную мінуту. З дапамогай прывезенага спецыялістамі Пружанскага лясгаса лятальнага апарата адразу ўстанаўліваліся вогненныя ачагі, вызначаўся напрамак распаўсюджання агню і накіроўвалася выратавальная тэхніка разам з людзьмі. У выніку істотна знізіўся памер урону, было затрачана менш сіл і сродкаў.

І ў «мірны» час квадракоптар мала адпачывае. Напрыклад, у дзень, калі мы размаўлялі з дырэктарам, апарат лятаў над Лыскаўскім лясніцтвам: маніторыў сітуацыю ў рабочым рэжыме.
Вялікія спадзяванні на тэхніку ўскладваюцца падчас пажаранебяспечнага перыяду, калі сур’ёзна ўзрастае так званы «чалавечы фактар», з-за якога летась на Пружаншчыне здарыўся пажар каля в.Перадзельск.

Для кіравання лятальным апаратам быў падрыхтаваны спецыяліст — ляснічы Лыскаўскага лясніцтва П.Д.Козел, які зараз перадае свае веды і дзеліцца практыкай са сваім зменшчыкам — памочнікам ляснічага Ліноўскага лясніцтва А.А.Варчуком. Аператары расказалі нам пра магчымасці гэтай тэхнікі.

Квадракоптар мае акумулятарнае сілкаванне, якога хапае на 20 мінут палёту. Хаця ён можа ўзнімацца на вышыню да паловы кіламетра, але заканадаўствам дазваляюцца палёты падобнай тэхнікі не вышэй за 100 метраў. Тым не менш, і гэтай вышыні хапае, каб аглядаць зверху прастору ў радыусе да 2-3 кіламетраў.

З улікам хуткасці руху з дапамогай квадракоптара за выдзелены час спецыялісты могуць агледзець даволі вялікую плошчу. Ды не проста аглядаць, а атрымліваць падрабязную інфармацыю, дзякуючы якасці адлюстравання 4К. Напрыклад, можна з вышыні 100 метраў прачытаць тэкст газеты, якую трымае ў руках чалавек. Усё, што трапляе ў аб’ектыў камеры, тут жа бачыць і аператар, пры неабходнасці можна запісаць відэа і зрабіць фотаздымкі для наступнага аналізу. Апарат мае ўласную флэш-памяць, тое ж самае прадугледжана і ў пульце дыстанцыйнага кіравання.

— Увогуле тэхніка даволі разумная, у ёй прадугледжана функцыя пазіцыяніравання,— тлумачыць Павел Дзмітрыевіч.— Квадракоптар звязваецца з касмічнымі спадарожнікамі і пры змене месца пад уздзеяннем ветру самастойна ўносіць карэкціроўку, каб даць магчымасць аператару зафіксаваць позірк на адной кропцы.
Паспяхова прайшоў лятальны апарат і начныя выпрабаванні, хаця ў цемры больш складана кіраваць тэхнікай з-за магчымых сутыкненняў з перашкодамі, якіх нябачна. Аднак водбліск кастра камера бачыць здалёк.

Дзякуючы набыццю такога «крылатага памочніка», як падкрэслівае У.У.Жалнерчык, узрасла хуткасць рэакцыі структурных падраздзяленняў лясгаса на розныя крытычныя сітуацыі. У тым ліку і выяўленне парушэнняў правілаў паводзінаў у лесе: па словах галоўнага ляснічага, той, хто расклаў касцёр, нават не паспее пакаштаваць шашлык.

На здымку: Павел Козел і Аляксандр Варчук кіруюць разумным «лятаючым вокам».
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік.