Понедельник, 2 декабря 2024

Пружанскі лясгас да пажаранебяспечнага перыяду гатовы

247

У сувязі з падрыхтоўкай да пажаранебяспечнага перыяду і ў мэтах павышэння эфектыўнасці дзейнасці лесапажарных каманд па выяўленні і тушэнні лясных пажараў на базе Бярозаўскага лясніцтва Пружанскі лясгас правёў агляд гатоўнасці лесапажарных каманд лясніцтваў і лясгаса. Удзел у аглядзе прынялі работнікі Пружанскага РАНС, Пружанскай цэнтральнай раённай бальніцы і прадстаўнік Брэсцкага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання.

Штогод напачатку сакавіка ва ўсіх лясгасах нашай краіны праходзіць агляд гатоўнасці дзяржаўнай лясной аховы да пажаранебяспечнага перыяду. Мэта мерапрыемства — праверыць укамплектаванасць сродкамі тэхнікі пажаратушэння, наяўнасць камплектаў вогнеахоўнага адзення, сродкаў абароны вачэй і органаў дыхання, прафесійныя веды лесапажарных каманд і дзеянні пры ўзнікненні і тушэнні пажараў, навыкі практычнага зладжвання па выкарыстанні сродкаў пажаратушэння.

Правяраць і ацэньваць гатоўнасць па гэтых напрамках быў прызначаны начальнік аддзела аховы, абароны лесу і паляўнічага турызму Брэсцкага ДВЛГА Віталь Мацына. У самым пачатку мерапрыемства надалі асаблівую ўвагу медыцыне. Урач хуткай дапамогі Пружанскай ЦРБ Дзмітрый Ліцкевіч, расказаў якую неабходна аказваць першую дапамогу пацярпеламу пры атрыманні траўмаў і атручэнні. У сваю чаргу работнікі Пружанскага РАНС правялі майстар-клас па ўхіленні пажару з дапамогай перасоўнага лафетнага стацыянарнага ствала, які паказаў сваю эфектыўнасць пры знішчэнні агню за лічаныя секунды.

Далейшыя падзеі разгарнуліся непасрэдна каля месцаў размяшчэння лесапажарных каманд. На аглядзе гатоўнасці іх было 10. Праверка паказала, што каманды да пажаранебяспечнага сезона гатовы.

Галоўны ляснічы Пружанскага лясгаса Дзмітрый Козел адзначыў, што барацьба з ляснымі пажарамі — гэта комплекс мерапрыемстваў, які ўключае ў сябе таксама і выяўленне пажару пры ранніх стадыях, каб знізіць плошчу яго распаўсюджвання. Для гэтага ў Пружанскім лясгасе ўстанавілі сістэму маніторынгу і ранняга выяўлення лясных пажараў «Лясны вартавы».

— У мінулым годзе было ўстаноўлена яшчэ чатыры дадатковыя камеры відэаназірання. «Лясны вартавы» зараз пакрывае 100% плошчаў ляснога фонду Пружанскага лясгаса, — дадаў Дзмітрый Мечыслававіч.

Хочацца, каб гэтая добрая падрыхтоўка «людзей лесу» да пажаранебяспечнага сезона і засталася толькі падрыхтоўкай, а рэальныя пажары абыходзілі нашы лясы бокам.

Руслан Басак.

Фота Кацярыны Масік

Больш фотаздымкаў: https://vk.com/album-23306785_301942816 і https://ok.ru/budni/album/976268784008