Калі разлічваеш на падтрымку ў будучым, то не адмаўляй у дапамозе цяпер. Ніхто ж не застрахаваны ад непрыемнасцей і часовых перашкод. Ды і нельга адразу прадугледзець усё, што цябе чакае наперадзе. Вось і Пружанскі льнозавод не адмовіў у просьбе дапамагчы Арэхаўскаму льнозаводу — структурнаму падраздзяленню ААТ «Аршанскі льнокамбінат».
На мінулым тыдні з тэрыторыі Пружанскага льнозавода на Віцебшчыну, у Аршанскі раён, адправіўся караван аўтамабіляў, загружаных энерганасычанымі трактарамі «Джон Дзір» і «Кейс», пагрузчыкам «Маніту» і сельскагаспадарчай тэхнікай — культыватарамі КПЗ-9.7, размеркавальнікам мінеральных угнаенняў «Амазонія». У добрай справе дапамагло і ААТ «Пружанскае ПМС» — выдзеліла аўтамабільны цягач.
Камандзіроўка будзе працягвацца прыблізна 10 дзён, асноўны від работ — падвоз і ўнясенне мінеральных угнаенняў. Але, як зазначыў дырэктар ААТ «Пружанскі льнозавод» Мікалай Жогал, калі спатрэбіцца дапамога ў сяўбе льну, то прадпрыемства гатова выручыць і ў гэтым.
Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік