Сэрца чалавека б’ецца, пакуль ён жывы. Сэрца ж святыні — яе вернікі. І б’ецца яно толькі тады, калі ў сценах храма з іх вуснаў гучыць малітва. Пружанскаму касцёлу Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі — амаль паўтара стагоддзя. За сваю гісторыю ён перажываў рознае, у тым ліку перыяд, калі сюды прыходзілі не каб памаліцца, а каб патанцаваць — у Дом культуры.
Сёння касцёл адкрыты для вернікаў. Ні ў адным храме Беларусі няма столькі ўнікальных хрысціянскіх рэліквій. А вечарам у чацвер каталіцкая святыня была напоўнена вернікамі. Тут адбылася ўрачыстая Святая Імша з нагоды свята прыхода.
Дзень Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў сэрцы кожнага пружанскага каталіка пазначаны чырвонымі літарамі. У гонар Нябеснай Апякункі асвечаны храм, таму менавіта на сярэдзіну апошняга летняга месяца і прыпадае святкаванне яго, можна сказаць, дня нараджэння. Сёлета яно было па-асабліваму ўрачыстым.
Па-першае, святыня менавіта ў гэтым годзе адзначае 140-годдзе з моманту асвячэння. Па-другое, каб памаліцца разам з вернікамі і правесці святочнае богаслужэнне, у храм прыехаў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец, наш зямляк, ураджэнец аг. Стараволя. Па-трэцяе, сам ксёндз-біскуп, які зараз працуе ў Гомелі, у наступным годзе адзначыць 80-гадовы юбілей, у гэтым годзе святкуе 40-годдзе святарскага і 25-годдзе біскупскага служэння. З гэтай нагоды ён прымаў віншаванні ад пружанскіх каталікоў. І, нарэшце, па-чацвёртае, падчас Святой Імшы адбыўся сакрамэнт канфірмацыі (бежмавання).
Менавіта гэты момант стаў па-асабліваму ўрачыстым. 32 вернікі пружанскага і шарашэўскага касцёла Найсвяцейшай Тройцы былі благаслаўлёны і мірапамазаны біскупам. Калі ў праваслаўных мірапамазанне здзяйсняецца падчас Хрышчэння, то ў каталікоў сакрамэнт, які не паўтараецца, можа прыняць вернік па дасягненні 14 гадоў.
Прыняццю бежмавання папярэднічала падрыхтоўка на працягу года, пасля — экзамен. У сам святочны дзень усё выглядала асабліва ўрачыста і прыгожа. Дух Святы, здавалася, сапраўды благаславіў вернікаў, бо падчас бежмавання іх праз вокны касцёла асвяціла яркае сонейка.
Пяты момант, пра які таксама трэба ўзгадаць, — гэта тое, што ў свой дзень нараджэння касцёл адзначыў 26-годдзе рэкансэкрацыі (новаасвячэння) пасля таго, як быў вернуты прыхаджанам. Першым настаяцелем тады, у 1998-м, стаў ксёндз Эдвард Лоек, якога з цеплынёй успамінаюць пружанскія вернікі. Цікава, што і ксёндз Эдвард не забываецца пра Пружаны. З нагоды свята ён даслаў віншаванне, якое зачыталі падчас Святой Імшы. А вось з гісторыяй касцёла, які з’яўляецца першым месцам служэння першага беларускага кардынала Казіміра Свёнтэка, можна было азнаёміцца з дапамогай выставы. Яна размясцілася на ўваходзе ў касцёл і змяшчала дзясяткі ўнікальных фота і інфармацыю пра мінулае і сучаснасць храма.
Успамінаў пра гэта ў пропаведзі і ксёндз Казімір, а яшчэ адзначаў, цытуючы класікаў і прыводзячы шматлікія прыклады, што самая вялікая малітва для верніка — удзел у Святой Імшы і прыняцце Святой Камуніі — Цела і Крыві Хрыста.
Па традыцыі падчас урачыстасці Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі адбылося благаславенне пладоў зямлі, кветак і зёлак.
Пра радасную падзею засведчыў і святочны хрэсны ход. Святкаванне працягнулася ўрачыстым абедам і шматлікімі інтэграцыйнымі гульнямі, якія падрыхтавала каталіцкае дабрачыннае аб’яднанне «Caritas».
Падчас імшы і пасля яе было многа цёплых сустрэч і ўсмешак, але, галоўнае, гучала малітва. А гэта значыць, сэрца храма працягвае біцца. Сам жа касцёл штодзень з 10 да 17 гадзін чакае вернікаў і тых, хто жадае адрыць сваё сэрца Богу.
Уладзіслаў Шпарла.
Фота аўтара
Альбомы з вялікай колькасцю фота са свята храма глядзіце тут: https://vk.com/album-23306785_303773110 і https://ok.ru/budni/album/982247213704