
З чацвёртага па дзявятага чэрвеня ў выставачным цэнтры Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень» праводзілася Міжнародная спецыялізаваная выстава «БЕЛ-АГРА-2024». Падчас яе працы, а іменна, з 5 па 7 чэрвеня, адбыўся штогадовы агляд-конкурс «Лепшы араты» сярод навучэнцаў устаноў вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы «Сельская гаспадарка», а таксама сярод работнікаў сельскагаспадарчых арганізацый Рэспублікі Беларусь.
Ну, як такое мерапрыемства мог прапусціць Пружанскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж? Дарэчы, пра перамогі навучэнцаў установы адукацыі «раёнка» не так даўно пісала. І вось новыя дыпломы, прыемныя моманты, прамяні асабістай славы.
Канечне, каб трапіць на конкурс такога ўзроўню, патрэбна грунтоўная падрыхтоўка і, зразумела, вялікае жаданне перамагаць. А папярэднічаў усяму спачатку адбор сярод навучэнцаў каледжа, па выніках якога лепшымі былі прызнаны трэцякурснікі Міхаіл Паляшчук і Максім Раманюк. Хлопцы асвойваюць спецыяльнасць «Тэхнічнае забеспячэнне працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці». Яны ж восенню мінулага года падняліся на верхнія прыступкі п’едэстала падчас правядзення абласнога конкурсу «Аграмайстэрства», што праходзіў на базе роднага каледжа.
З гэтага часу пачалася сур’ёзная праца па падрыхтоўцы навучэнцаў да рэспубліканскага агляду-конкурсу, дзе ў абавязковым парадку спалучалася і тэорыя, і практыка. Сваім вопытам з Міхаілам і Максімам дзяліўся майстар вытворчага навучання Аляксандр Ніканчук. Менавіта Аляксандр Васільевіч навучыў маладых людзей не губляцца ў любой сітуацыі, аналізаваць складаныя моманты, працаваць толькі на рэзультат.
Падышлі да самага прыемнага. Па выніках трох этапаў агляду-конкурсу (тэарэтычныя веды, трактар-шоу, ворыва ўчастка ў выглядзе трапецыі) каманда ў складзе Міхаіла Палешчука і Максіма Раманюка заняла чацвёртае месца сярод дваццаці чатырох каманд. А ў асабістым першынстве Міхаіл заняў другое месца (!), за што быў узнагароджаны дыпломам за подпісам міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Сяргея Барташа. Навучэнцу таксама ўручылі кубак і грашовы сертыфікат на сорак пяць базавых велічынь! Недарма з’ездзілі, як кажуць, і свет пабачылі, і сябе паказалі.
Рабочыя рукі заўсёды будуць у пашане. Колькі б там ні гаварылі пра замяшчэнне чалавека тымі ж робатамі. Таму і вялікая павага да працаўнікоў у сельскай гаспадарцы нікуды і ніколі не прападзе. У нашай краіне гэта ўжо пэўна.
Вадзім Раўнейка
