Понедельник, 4 ноября 2024

Пружанскі каледж заваяваў перамогу ў абласных спаборніцтвах «Абаронца Айчыны»

291

З 5 па 7 красавіка на базе Пружанскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа прайшлі абласныя спаборніцтвы сярод навучэнцаў каледжаў па праграме летняга мнагаборства «Абаронца Айчыны».

У мерапрыемстве прынялі ўдзел пяць каманд, якія складаліся з чатырох чалавек – па два юнакі з малодшай і старэйшай узроставай катэгорыі. Традыцыйна каманда Пружанскага каледжа была падрыхтавана выкладчыкам фізічнай культуры і здароўя Аляксандрам Мацаюком.

У першы дзень адбылося адкрыццё абласных спаборніцтваў, падчас якога да ўдзельнікаў спартыўнага мерапрыемства звярнулася в. а. намесніка дырэктара па выхаваўчай і ідэалагічнай рабоце каледжа Ірына Салей. Яна пажадала юнакам годна прайсці праз усе конкурсныя этапы і ўмацаваць здароўе.

Каб не губляць час, адразу пасля ўрачыстасці хлопцы накіраваліся на спаборніцтвы па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі са становішча стоячы, пасля іх чакалі падцягванні. Другі дзень рыхтаваў для будучых абаронцаў Айчыны наступныя выпрабаванні: плаванне, кіданне гранаты, бег на дыстанцыі 100 м.

На наступны дзень хлопцы таксама спаборнічалі ў бегу, толькі дыстанцыя павялічылася да 3000 м.

Па выніках абласных спаборніцтваў абсалютную перамогу заваявалі гаспадары. Дарэчы, Пружанскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж не першы раз становіцца лепшым па выніках падобных мерапрыемстваў. Другое месца заняў Пінскі каледж імя А. Я. Кляшчова, трэцяе – Пінскі дзяржаўны аграрны тэхналагічны каледж.

Юлія Янушка. Фота аўтара