Четверг, 25 апреля 2024

Пружанскі каледж правёў прафарыентацыйную сустрэчу пад назвай «Кірмаш мэтавай падрыхтоўкі»

362

Чым бліжэй школьныя экзамены і ўступная кампанія, тым больш пытанняў і хваляванняў узнікае ў навучэнцаў выпускных класаў і іх бацькоў, якія жадаюць бачыць сваіх дзяцей паспяховымі і шчаслівымі. Час сапраўды падганяе падлеткаў вызначыцца з будучай прафесіяй. І калі адны ўжо зрабілі свой выбар, другія сумняваюцца, куды пайсці вучыцца.

29 сакавіка Пружанскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж запрасіў старшакласнікаў агульнаадукацыйных устаноў раёна на прафарыентацыйнае мерапрыемства «Кірмаш мэтавай падрыхтоўкі». Апроч пружанскіх падлеткаў, каледж наведалі вучні 9-11 класаў
СШ № 2 г. Жабінкі.

Са словамі вітання да аўдыторыі звярнулася намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Святлана Міляшэвіч. Святлана Іванаўна падрабязна расказала пра ўстанову адукацыі, якая сёлета адзначыць сваё 70-годдзе. Пасля ўдзельнікам кірмашу была прадэманстравана змястоўная відэавізітоўка каледжа.

– 2023 год стане знакавым для абітурыентаў. У правілах уступнай кампаніі вялікая колькасць змен. Вам, паважаныя старшакласнікі, раю звярнуць увагу на магчымасць мэтавага навучання, якое мае шэраг пераваг у параўнанні з навучаннем за кошт бюджэту. Так, напрыклад, павысіцца верагоднасць паступлення на абраную спецыяльнасць, а пасля атрымання дыплома вы будзеце забяспечаны працоўным месцам, – адзначыла Святлана Іванаўна.

Таксама на мерапрыемстве прысутнічалі прадстаўнікі сельскіх гаспадарак і прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу Пружанскага, Брэсцкага, Драгічынскага раёнаў. Яны расказалі пра свае таварыствы, акрэслілі іх перавагі, адзначылі перспектывы, якія чакаюць маладых людзей на вытворчасці.

Роля спікераў дасталася намесніку дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ «Жураўлінае» Зінаідзе Усік і спецыялісту па кадрах гаспадаркі Ірыне Прытульчык. Спецыяліст па ідэалагічнай рабоце ААТ «Шані-аграпрадукт» Крысціна Асіпчук расказала пра сваё таварыства. ААТ «Радзіма» прадставіла Таццяна Амбрасчук. Далей выступалі галоўны заатэхнік Яна Скварцова і спецыяліст па кадрах Марына Дуленская з філіяла «Камароўка Агра» ААТ «Батчы» (Брэсцкі раён). Інспектар аддзела кадраў Таццяна Рапянчук рэкламавала ААТ «Ліпнікскі», што ў Драгічынскім раёне. Філіял «Пружанскія электрасеткі» РУП «Брэстэнерга» прадставіла інжынер па падрыхтоўцы кадраў Крысціна Далгарукая.

Кожная арганізацыя, прадстаўнікі якой прысутнічалі на кірмашы, мае патрэбу ў папаўненні свайго штату маладымі спецыялістамі. Старшакласнікі, якія зацікавіліся прапановамі працадаўцаў, могуць заключыць дамовы з арганізацыямі на мэтавае навучанне ў Пружанскім каледжы. Звязаныя з гэтай тэмай і іншыя хвалюючыя пытанні абітурыенты маглі адрасаваць выступоўцам: працаваў «адкрыты мікрафон».

Каб мерапрыемства пакінула яшчэ больш прыемных уражанняў у яго ўдзельнікаў, навучэнцы каледжа падрыхтавалі выдатныя творчыя нумары, тым самым даказаўшы, што ў дадзенай установе адукацыі асоба развіваецца ўсебакова.

Пасля афіцыйнай часткі мерапрыемства адказны сакратар прыёмнай камісіі Алена Багдановіч запрасіла прысутных на экскурсію і майстар-класы ад выкладчыкаў каледжа, дзе яны расказалі пра спецыфіку свайго прадмета.

Юлія Янушка. Фота аўтара