Напачатку бягучага года краіны аб’яднанага захаду сур’ёзна ўзмацнілі санкцыйны ціск на нашу краіну. Асноўная мэта рашэнняў, прынятых у звязцы ЗША і Еўрасаюзам, — падрыў беларускай эканомікі. Трэба прызнаць, што шанцы справіцца з маладой рэспублікай, якая толькі будуе свой дабрабыт, у іх былі. А ці атрымалася імі скарыстацца? Гэта відавочна на прыкладзе нашага прыгранічнага раёна, народная гаспадарка якога ў пэўнай долі была завязана на заходні накірунак.
Можна доўга разважаць пра трываласць эканамічных пазіцый Пружаншчыны (чытай, Беларусі), аднак лепш за іншыя аргументы будуць лічбы і рэальныя факты. Напрыклад, вынікі першага паўгоддзя, пра якія мы пагаварылі з начальнікам аддзела эканомікі райвыканкама Ірынай Ліхтаровіч.
— Ірына Дзмітрыеўна, любы пакет санкцый прадугледжвае эмбарга на экспарт і імпарт рознай прадукцыі, сыравіны, словам, абрывае розныя лагістычныя ланцугі. Якія галіны раённай прамысловасці пацярпелі ад падобных дзеянняў больш за ўсё?
— Эканоміка любой краіны свету без выключэння вельмі ўразлівая для такога грубага ўмяшальніцтва. Нягледзячы на межы, мы поўнасцю або часткова аб’ядноўваемся ў вырашэнні розных пытанняў: пастаўкі, набыцця, попыту і прапановы. Так і на Пружаншчыне асноўная ўвага ў развіцці вытворчасці надаецца менавіта попыту. Не будзем жа мы вырабляць прадукцыю, незапатрабаваную ні ўнутры краіны, ні ў суседзяў.
І чарговы пакет санкцый (далёка не першы) быў зноў разлічаны на тое, каб знізіць загрузку нашых прадпрыемстваў.
Пружаншчыне ў гэтым плане было прасцей з-за таго, што наш рэгіён з’яўляецца сельскагаспадарчым, адпаведна пераважная частка прамысловасці — перапрацоўчая. І вось гэтыя прадпрыемствы большую частку прадукцыі пастаўлялі на ўсходні напрамак. Яшчэ адна шчаслівая для нас акалічнасць звязана з тым, што заходнія апаненты вырашылі «біць» па саюзу Расіі і Беларусі, з-за чаго мы былі вымушаны разам з сяброўскай-краінай шукаць выйсце. А гэта, пагадзіцеся значна прасцей, чым паасобку.
— А як складваецца сітуацыя з прамысловай прадукцыяй? У нас жа раней былі наладжаны добрыя сувязі з некалькімі дзясяткамі еўрапейскіх краін на пастаўку, напрыклад, нятканых матэрыялаў, драўніны і інш.?
— Праблем сапраўды дабавілася. Вось толькі, як кажуць, на тое і шчупак у моры, каб карась не драмаў. У выніку ўдалося пераадолець штучныя складанасці. І трэба сказаць, што з пачатку бягучага года пружанскі экспарт у бок ЕС… павялічыўся на 30,9% у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года. Такая статыстыка не пакідае ніякіх варыянтаў для двайнога тлумачэння вынікаў уведзеных санкцый. У спісе пакупнікоў — Францыя, Германія, Літва…
Безумоўна, канкрэтна па кожнай пазіцыі назіраюцца розныя вынікі: недзе паменшыўся попыт, а на нешта — узрос. Хаця зараз вывучаюцца запыты з іншых краін, напрыклад, адно з нашых прыватных прадпрыемстваў наладжвае кантакты з кітайскім рынкам. У выніку ў цэлым рэнтабельнасць раённай эканомікі дасягае на сённяшні дзень 11,6%. Да параўнання: мінулагодні ўзровень вызначаўся ў 9%.
— Пра што сведчаць запасы на складах?
— Яны пацвярджаюць агульную статыстыку. Па некаторых прадпрыемствах адзначаецца пэўнае павелічэнне аб’ёму прадукцыі, якая пакуль адгружаецца на склад, аднак гэты працэнт нязначны для таго, каб сцвярджаць пра знікненне попыту. Простая сезонная з’ява, якая ўзнікае штогод у адпаведныя перыяды. Так званыя «арэлі попыту».
Яскравым прыкладам з’яўляецца кансервавы завод, дзе запасы гатовай прадукцыі ў летні перыяд амаль у 2-3 разы перавышаюць сярэднямесячныя аб’ёмы вытворчасці. Але разумееце, што сезонная прадукцыя так і вырабляецца, каб потым яе хапіла на ўвесь год. Што і пацвярджаецца практыкай. Праблем з затаваранасцю складоў няма.
— Як зазначыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, у санкцыях ёсць і свае станоўчыя моманты, напрыклад, яны стымулююць пашырэнне асартыменту, укараненне інавацыйнай прадукцыі. Ці скарысталіся такой магчымасцю пружанскія вытворцы?
— Ёсць напрацоўкі ў завода радыёдэталяў, таксама чакаюцца навінкі па вырабу ўгнаенняў, нятканых матэрыялаў. Відавочна, што падобны працэс патрабуе некаторых капіталаўкладанняў, выдаткаў часу, але ён неабходны і ў пэўнай ступені санкцыі сапраўды дапамагаюць руху наперад, падштурхоўваючы вытворцаў.
— Ірына Дзмітрыеўна, не сакрэт, што санкцыі ўводзяцца для ажыццяўлення пэўнага алгарытму: «эмбарга — удар па эканоміцы — пагаршэнне дабрабыту людзей — бунт». Ці ўдаецца нам разрываць гэтую паслядоўнасць?
— Нягледзячы на спробы Захаду ажыццявіць менавіта такі сцэнарый, эканоміка нашага раёна трымае ўдар. У прыватнасці, з пачатку бягучага года практычна ва ўсіх галінах прысутнічае магчымасць для павелічэння заробкаў людзей. У сярэднім рост складае +15% да мінулагодняга ўзроўню. Некаторыя ўвогуле перавышаюць сярэдні паказчык па раёне, сярод такіх сельская гаспадарка (+17,9%), гандаль (+18%).
Назіраецца павелічэнне не толькі ў прамысловасці, але і па бюджэтных арганізацыях. Гэтую пазіцыю нельга пакідаць па-за ўвагай, бо яна напрамую ўплывае на развіццё эканомікі.
Акрамя заробкаў яшчэ адным індыкатарам сацыяльна-эканамічнага развіцця з’яўляецца тавараабарот. Дык вось, па статыстыцы першага паўгоддзя 2022 года ён склаў 95,3 млн. рублёў, што з улікам карэкціроўкі на індэкс інфляцыі на 1,2% больш, чым у студзені-чэрвені 2021 года.
Гутарыў Алег Сідарэнка