У мінулую суботу на цэнтральнай плошчы горада і прылеглых да яе вуліцах прайшоў раённы кірмаш «Пружанская восень». Як і ў мінулыя гады, на ім можна было набыць не толькі сельскагаспадарчую прадукцыю, але і прамысловыя тавары. І ўсё ж асноўная ўвага людзей была скіравана на набыццё збожжа, бульбы, агародніны — менавіта каля машын і латкоў з імі ўтвараліся чэргі. Нядзіўна, тут многае можна было купіць па цэнах ад вытворцы.

Ужо з самай раніцы ішоў бойкі гандаль на пляцоўцы за Палацам культуры, дзе сельгаспрад-прыемствы раёна прадавалі збожжа. Так, філіял РУП «Брэстэнерга» «Аграэнерга Зеляневічы» прапаноўваў пакупнікам мяшок жыта фуражнага вагой 35 кілаграмаў па цане 14 рублёў, а мяшок пшаніцы фуражнай вагой 30 кілаграмаў — па цане 13 рублёў. ААТ «Радзіма» прадавала трыцікале па цане 40 капеек за кілаграм. ААТ «Агра-Калядзічы» прывезла на кірмаш яравы ячмень па цане 44 капейкі за кілаграм, а азімую пшаніцу — па 47 капеек за кілаграм. ААТ «Велікасельскае Агра» за мяшок пшаніцы і зерня кукурузы вагою 40 кілаграмаў прасіла 17 рублёў. ААТ «Мурава» прывезла на кірмаш пшаніцу па цане 50 капеек за кілаграм, а трыцікале — 40 капеек за кілаграм. ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс» прапаноўвала пакупнікам ячмень па 35 капеек за кілаграм. Самыя высокія цэны на збожжа былі ў філіяла райспажыўтаварыства «Прадтавары»: кіла-грам пшаніцы фуражнай каштаваў 66 капеек за кілаграм.

Жыхары, якія трымаюць жывёлу, мелі магчымасць набыць камбікорм, які прапаноўвалі Жабінкаўскі і Бярозаўскі камбікормавыя заводы. Так Жабінкаўскі камбікормавы завод прадаваў камбікорм для сабак, птушак, свіней, трусоў, буйной рагатай жывёлы. Напрыклад, мяшок камбікорму для дойных кароў вагою 25 кілаграмаў каштаваў 14 рублёў.

Попытам у пакупнікоў карысталася бульба. Чэргі выстраіліся ля машын, якія прывезлі клубні з ААТ «Ружаны-Агра» і ААТ «Эксперыментальная база «Белавусаўшчына». Гатункі «скарб» і «вектар» прапаноўваліся па цане 45 капеек за кілаграм.
ААТ «Ліноўскае» і абласная сельскагаспадарчая доследная станцыя прадавалі бульбу па цане 50 капеек за кілаграм. Фермерская гаспадарка «Бардо» прапаноўвала пакупнікам гатунак «гала» па цане 50 капеек за кілаграм, а гатунак «каралева Ганна» — 55 капеек за кілаграм.

На сёлетнім кірмашы быў прадстаўлены шырокі асартымент агародніны. Асабліва шмат было рэалізавана капусты. ААТ «Пружанскае», якое спецыялізуецца на вырошчванні агародніны, прадавала капусту, моркву і сталовыя буракі па цане 45 капеек за кілаграм.

Прыватнікі, якія прыехалі на кірмаш са Столінскага раёна, прасілі за кілаграм капусты 45 капеек, буракоў — 40 капеек, цыбулі — 90 капеек. Асаблівым попытам у пакупнікоў карысталіся яблыкі з ААТ «Айчына», якія прадаваліся па цане 80 капеек за кілаграм.
Бадай, самы шырокі асартымент агародніны і садавіны прапаноўваў для пакупнікоў філіял райспажыўтаварыства «Прадтавары». Тут можна было адразу набыць бульбу, моркву, агуркі, памідоры, сталовыя буракі, капусту, яблыкі. Прадаваліся таксама часнок па цане 5,02 рубля за кілаграм і журавіны — 4,62 рубля за кілаграм.

У пажылых людзей не ўзнікала праблем і з дастаўкай на дом закупленай бульбы або агародніны. Працавала сацыяльнае таксі, якое за 4 рублі магло завезці прадукцыю ў любую кропку горада. Пагрузку і выгрузку яе забяспечвалі валанцёры ГА «БРСМ» — навучэнцы аграрна-тэхнічнага каледжа.

Уладальнікі прысядзібных і дачных участкаў мелі магчымасць набыць на кірмашы саджанцы пладовых і ягадных культур. Прапаноўваліся саджанцы яблынь, груш, сліў, чарэшань, вішань, абрыкосаў, буякоў, парэчак, арэхаў, прыстасаваных да кліматычных умоў нашай мясцовасці. Вінаграднік «Анюта» (уладальніца М.А.Пятрань) прадаваў ягады і саджанцы вінаграду.
Таксама жадаючыя маглі купіць хваёвыя расліны, прызначаныя для ландшафтнага дызайну і азелянення. Акрамя прыватнікаў, сваю прадукцыю прывёз на кірмаш Кобрынскі доследны лясгас. У прыватнасці, ён прапаноўваў пакупнікам набыць саджанцы барбарысу, елкі, туі, ядлоўцу, буякоў.
Аматарам салодкага прапаноўваўся мёд. Напрыклад, пчаляр з вёскі Бродніца Іванаўскага раёна прадаваў паўлітровы слоік ляснога мёду па цане 8 рублёў, а лугавога — 7 рублёў. Сваю салодкую прадукцыю прывёз у Пружаны пчаляр са Свіслацкага раёна М.М.Дубой. Рэалізацыяй мёду займалася таксама ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс».

Жывую рыбу традыцыйна прывёз на кірмаш рыбгас «Сялец». Так, карп прадаваўся па цане 4,87 рубля за кілаграм, а таўсталобік — па 3,62 рубля.
ААТ «Аранчыцкая птушкафабрыка» гандлявала яйкамі. Цана за дзясятак вагалася ад 1,40 да 2,10 рубля. А райпалівазбыт прапаноўваў дровы і торфабрыкет.
Сваю ўласную прадукцыю прадставілі на кірмашы ААТ «Пружанскі кансервавы завод», ААТ «Пружанскі малочны камбінат», СТАА «Данон Пружаны», ААТ «Жураўлінае», ААТ «Ружаны-Агра», ААТ «Пружанскі РКБА».

Акрамя садавіны і агародніны, на кірмашы можна было набыць тавары прамысловай групы: пінскі трыкатаж, абутак СЗАТ «Отыка», вопратку прыватных прадпрыемстваў з Кобрына, нашай «Уніформы». Прыехалі на кірмаш таксама рамеснікі з Мінска, Гродна, Магілёва і іншых гарадоў. Было дастаткова мяккай цацкі і сувенірнай прадукцыі. На жаль, вось толькі рамеснікаў з нашага раёна было няшмат.

Увогуле падчас кірмашу сельгаспрадпрыемствы раёна рэалізавалі каля 39 тон збожжа, 23 тоны бульбы,11 тон агародніны, больш за 4 тоны яблыкаў, 9,2 тысячы штук яек.
Паводле інфармацыі аддзела эканомікі райвыканкама, раённае спажывецкае таварыства зарабіла на кірмашы каля 40 тысяч рублёў.

Кірмаш — гэта не толькі гандаль, але і прыемнае баўленне часу, песні і танцы. Забаўлялі публіку самадзейныя артысты Навасёлкаўскага і Навазасімавіцкага СДК, Сланімцоўскага СБК, Аранчыцкага ДФ, Пружанскага Палаца культуры. Для самых маленькіх удзельнікаў кірмашу працавалі дзіцячыя атракцыёны.

Таксама ў рамках кірмашу былі ўручаны ўзнагароды пераможцам раённага конкурсу сярод маладых сем’яў «Лепшы сельскі падворак».
Немагчыма было цэлы дзень купляць-прадаваць, каб не прагаладацца. І прадпрыемствы грамадскага харчавання паклапаціліся, каб задаволіць апетыт людзей: жадаючыя маглі паласавацца і шашлыком, і дранікамі, і разнастайнай выпечкай. Акрамя гэтага, работнікі РАНС арганізавалі работу палявой кухні, і ўсе мелі магчымасць пакаштаваць «салдацкай» кашы з гарачым чаем.

Але, расказваючы пра кірмаш у Пружанах, мы крыху «забеглі наперад»: сёлета старт сезона спецыялізаваных сельскагаспадарчых продажаў на Пружаншчыне далі напярэдадні ў Ружанах. Восеньскі кірмаш тут прайшоў у пятніцу: у гарадскім пасёлку гэта традыцыйны базарны дзень.

Зрабіць запасы на зіму наведвальнікам «Ружанскай восені» прапанавала мясцовая гаспадарка — ААТ «Ружаны-Агра». Дарэчы, у параўнанні з іншымі відамі сельгаспрадукцыі, найбольшым попытам карысталася збожжа: таварыства рэалізавала яго каля пяці тон. Каля 2600 рублёў было выручана гаспадаркай па выніках продажу мясных паўфабрыкатаў уласнай вытворчасці.

Разнастайныя віды тавараў прапаноўвалі на сваіх гандлёвых месцах прадаўцы ФПР «Камбінат кааператыўнай прамысловасці». Мяса і паўфабрыкатаў яго вытворчасці было прада-дзена на суму больш за 900 рублёў. Што тычыцца агародніны і садавіны, значны попыт быў на капусту, якой насельніцтва купіла каля 1,6 тоны. Акрамя таго, гэты філіял райспажыўтаварыства арганізаваў працу выязнога кафэ.
Рыба, хлебабулачныя вырабы, саджанцы… Гэта далёка не поўны пералік таго, што можна было купіць. Была прадстаўлена і прадукцыя з уласных падворкаў. Напрыклад, мясцовы жыхар М.М.Хвясько рэалізаваў каля 1,6 тоны агародніны. Хутка разышоўся тавар на падворку Варанілавіцкай СШ, якая гандлявала кветкамі са школьнай цяпліцы. Упершыню ўдзельнікам «Ружан-скай восені» стаў раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях.
А каб стварыць святочны настрой, канцэртную праграму арганізаваў Ружанскі цэнтр культуры і вольнага часу сумесна з Калазубскім і Варанілавіцкім СДК. Самадзейныя артысты змаглі парадаваць тых, хто прыйшоў на кірмаш не толькі па «хлеб», але і па «відовішчы».
Яшчэ больш фота па спасылцы: https://ok.ru/budni/album/892024343688https://ok.ru/budni/album/892024343688
У кірмашах удзельнічалі Мікола АРХУЦІК, Марына ВАКУЛЬСКАЯ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).