Суббота, 15 марта 2025

Пружанская моладзь расказала, чаму выбрала студатрад на базе «Камунальніка»

456

У наш час, зрэшты, як і раней, студэнцкія атрады карыстаюцца папулярнасцю ў падрастаючай моладзі. Асноўныя мэты работы такіх фарміраванняў — рэалізацыя сацыяльных, працоўных ініцыятыў падлеткаў, набыццё імі навыкаў прафесійнай дзейнасці, а таксама садзейнічанне развіццю асобы. Мы наведалі адну з брыгад, якая працавала на базе КУВП «Камунальнік», і даведаліся пра некаторыя падрабязнасці.

І для школьнікаў студэнцкіатрад — гэта цудоўная магчымасць зарабіць свае першыя грошы. Сёлета ў такіх групах, якія функцыянуюць на базе КУВП «Камунальнік», працуюць вучні ўсіх школ нашага горада. Увесь працэс адбываецца пазменна, пасля кожных 10 працоўных дзён прыходзіць новы склад людзей. Самым маладым удзельнікам 14 гадоў, а ўзначальвае паўналетні камандзір. Але ўзрост не важны, кожны з гэтых хлопцаў і дзяўчат хоча зарабіць грошы самастойна і, хоць на невялікі прамежак часу, стаць незалежным у фінансавым складніку ад бацькоў. Першая змена працоўнай моладзі прыступіла да работы яшчэ ў пачатку чэрвеня, а апошняя павінна завяршыць працэс бліжэй да канца жніўня.

Апроч заробленых грошай, падлеткі атрымліваюць неабходны вопыт і веды, якія спатрэбяцца ім у жыцці. Работы ў школьным атрадзе разнастайныя, у асноўным добраўпарадкаванне гарадскіх тэрыторый. Час працы юных калектываў досыць зручны, ён складае ад чатырох гадзін 36 мінут да васьмі гадзін у залежнасці ад узросту. Ды і сума, якую атрымліваюць удзельнікі розных змен, вельмі прыемная і складае каля 300 беларускіх рублёў. А за такія грошы можна зарабіць на нядрэнную пакупку, хопіць нават на сучасны смартфон.

Студэнцкі атрад — сапраўды выдатная магчымасць прынесці карысць не толькі сабе, але і навакольнаму ассяроддзю, зрабіць наш горад больш прыгожым.

Мы папрасілі ўдзельнікаў падзяліцца сваімі ўражаннямі ад праведзенага часу.

Валерыя Маразевіч, 14 гадоў, вучаніца СШ № 1 імя ЧБВА:
— Мне хацелася зарабіць свае грошы — гэта была галоўная прычына, па якой пайшла ў студатрад. Магу сказаць, што там мне вельмі спадабалася, бо працавала са знаёмымі людзьмі, і гэта было выдатна. Мы займаліся рознымі работамі, сярод якіх была ачыстка тратуараў і бардзюраў ад травяністай расліннасці. Хацелася б адзначыць і работнікаў прадпрыемства, яны спагадлівыя і заўсёды гатовыя прыйсці на дапамогу.

Аліна Францэвіч, 16 гадоў, вучаніца СШ № 1 імя ЧБВА:
— Я пайшла на працу па прафесійную навуку — у мяне гэта атрымалася. Задаволена праведзеным часам і кампаніяй. Мы займаліся рознымі работамі, але асноўнай нашай задачай была праполка кветнікаў. Выдатна, што ёсць такія атрады, дзе можна не толькі падзарабіць, але і набыць навыкі, якія могуць спатрэбіцца ў жыцці.

Кірыл Адаська, 15 гадоў, вучань СШ № 4:
— Маёй галоўнай мэтай, як і ў маіх напарнікаў, была «фінансавая вучоба», у тым ліку заробак грошай. Час, праведзены ў атрадзе, аказаўся мне па душы, ён быў напоўнены добрымі момантамі. Асноўнай нашай работай была праца ў цяпліцы. Мне спадабалася ўсё, таму тым, хто яшчэ не быў у школьным атрадзе, абавязкова рэкамендую запісацца ў наступным годзе.

Руслан Басак.

Фота Кацярыны Масік