Понедельник, 9 декабря 2024

Пружанская моладзь пабывала на фінальнай акцыі праекта «У рэжыме праўды», якая прайшла ў сталічным Палацы спорту

489

Сталічны Палац спорту ў мінулую суботу быў цэнтрам прыцягнення моладзі, працоўных людзей, кіраўнікоў з усёй краіны.

Тут прайшло фінальнае мерапрыемства рэспубліканскага асветніцкага праекта «У рэжыме праўды», якое стала вялікай дыялогавай пляцоўкай і месцам дэманстрацыі талентаў краіны адначасова.

Напярэдадні важнейшай палітычнай падзеі – рэспубліканскага рэферэндуму па новай рэдакцыі Канстытуцыі, калі ў краіне ва ўсю ішло абмеркаванне змяненняў Асноўнага Закона, Беларускае таварыства «Веды» запусціла ўласны праект. Старт задуме далі 24 лістапада мінулага года – роўна праз 25 гадоў пасля правядзення рэферэндуму, які вызначыў шляхі развіцця Беларусі. Праект атрымаў назву «У рэжыме праўды». На працягу некалькіх месяцаў палітолагі, грамадскія дзеячы, члены Канстытуцыйнай камісіі ездзілі па краіне і размаўлялі з людзьмі як пра змяненні Асноўнага Закона, так і пра палітычную сітуацыю ўвогуле. Сачыць за ўсім можна было ў аднайменным Telegram-канале, пасля з’явілася і рубрыка на «Беларусь 1».

Прыгожым завяршэннем праекта і стала акцыя «У рэжыме праўды. Прамы кантакт», якую арганізатары вызначылі як шоў-мітынг. Удзел у ёй прынялі і прадстаўнікі Пружанскага раёна – намеснік начальніка аддзела Пружанскага РАНС Мікалай Комар, настаўніца пачатковых класаў СШ №3 Кацярына Усік, студэнтка БрДУ імя А.С. Пушкіна Яніна Лішко і аўтар гэтых радкоў.

На працягу трох гадзін тысячы гасцей маглі пазнаёміцца з праектамі вядучых беларускіх каналаў і ўбачыць тых, хто іх робіць. На сцэну выйшлі вядомыя тэлежурналісты Марат Маркаў, Марыя Пятрашка, Ігар Тур, Іван Эйсмант, Яўген Пуставы і Рыгор Азаронак. Сярод спікераў былі палітычны аглядальнік Аляксандр Шпакоўскі, гісторык і дэпутат Ігар Марзалюк. З цікавасцю слухалі намесніка міністра ўнутраных спраў, камандуючага Унутранымі войскамі Мікалая Карпянкова і вядомага ў Беларусі і за яе межамі чалавека без рук і ног, але з гарачым сэрцам, спартсмена, дабрачынца Аляксея Талая. Усе яны гаварылі пра тое, з чым сутыкнуліся ў 2020-ым, расказвалі, чаму не пабаяліся публічна выказваць сваё меркаванне, заклікалі любіць Беларусь і абавязкова прыняць удзел у рэспубліканскім рэферэндуме.

Не абышлося падчас акцыі і без «голасу з народа». Для гэтага арганізатары зрабілі спецыяльную інтэрактыўную студыю. У ёй са шматлікімі гасцямі размаўляла спецыяльны карэспандэнт Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі, аўтар рубрыкі «Это другое» на «Беларусь 1» і ўласнага Telegram-канала Ксенія Лебедзева. У гасцях у яе пабывалі актывіст і блогер Антон Шабашоў, памочнік Прэзідэнта па Гомельскай вобласці Мікалай Рагашчук, старшыня Беларускага саюза жанчын Алена Богдан, прадстаўнік Маладзёжнага парламента Аляксей Таўстыка, блогер Юлія Хоміч. Гаварылі пра папраўкі, якія замацоўваюць асаблівы статус Усебеларускага народнага сходу, сацыяльную адказнасць грамадзян, захаванне гістарычнай памяці, шлюб як саюз мужчыны і жанчыны і не толькі. Сваім меркаваннем вырашылі падзяліцца і прадстаўнікі Брэстчыны. Хлебароб Павел з Кобрына поўнасцю згодзен з папраўкай у артыкул 54, дзе гаворыцца, што праяўленне патрыятызму і захаванне гістарычнай памяці – абавязак кожнага беларуса. Падтрымаў яго і Антон, студэнт-сувязіст з Кобрына.

Паміж прамовамі спікераў і своеасаблівымі ўключэннямі з інтэрактыўнай студыі можна было атрымаць асалоду ад цудоўных вакальных і танцавальных нумароў. Перад гледачамі выступілі як маладыя спевакі, так і вядомыя ў краіне гурты «AURA» і «Дразды». Песня апошніх пад назвай «Хата бацькоў» сарвала шквал апладысментаў. Яны ж гучалі, калі на сцэне з’явіліся мадэлі, якія прадэманстравалі мерчы ад Першага – майкі і байкі з прынтамі, на якіх адлюстраваны вядомыя і самыя «гарачыя» цытаты Аляксандра Лукашэнкі. Тут жа, на сцэне, адбылася прэзентацыя новага мерча, які выпушчаны спецыяльна да Дня абаронцаў Айчыны, змяшчае выяву Кіраўніка дзяржавы з аўтаматам і подпіс «Вы красавцы». Дарэчы, у Палацы спорту любы жадаючы мог набыць такія футболкі.

Гэта быў сапраўды яркі вечар, напоўнены жывымі эмоцыямі і цікавымі прамовамі. А таму ў завяршэнне мерапрыемства артысты, спікеры, а з імі і ўсе госці выканалі Дзяржаўны гімн, тым самым пацвярджаючы агульнае памкненне ўсіх беларусаў – жыць у мірнай, прыгожай краіне, дзе заўсёды пануюць дабрыня, шчырасць і любоў адзін да аднаго.

Уладзіслаў Шпарла. Фота БелТА