Слова «спорт» аднолькава гучыць амаль на ўсіх мовах планеты, а прыхільнікі фізічнай культуры – швед ці беларус, рускі ці англічанін, украінец ці кітаец – выдатна разумеюць адзін аднаго. Спорт яднае не толькі краіны, але і розныя культуры, эканомікі і нават народныя традыцыі. Адчуваецца яго яднаючая сіла і ў галінах вытворчасці, што пацвярджаюць рэгулярныя спартыўныя гульні, якія праводзіць Федэрацыя прафсаюзаў нашай краіны. У прыватнасці, сельскія спаборніцтвы сярод работнікаў аграпрамысловага комплексу, сталіцай якіх сёлета сталі Пружаны.

12 мая ў наш горад з’ехаліся каманды-ўдзельніцы IV абласных сельскіх спартыўных гульняў сярод работнікаў прадпрыемстваў і арганізацый АПК Брэстчыны. Сваіх прадстаўнікоў прыслалі ўсе 16 раёнаў вобласці і 6 буйных кампаній перапрацоўчай прамысловасці і будаў-нічай галіны. Усяго ж у гэты дзень было зарэгістравана 604 удзельнікі.
Да спартыўных выпрабаванняў гульцы рыхтаваліся грунтоўна: саставы каманд былі сфарміраваны па выніках спаборніцтваў на ўзроўні пярвічных прафсаюзных ячэек працоўных калектываў, раённых і аб’яднаных прафсаюзных арганізацый. Гонар Пружаншчыны абараняла наша зборная, у якую ўвайшлі работнікі малочнага камбіната, доследнай станцыі, Аранчыцкай птушкафабрыкі, ПМС, станцыі хімізацыі і сельскіх акцыянерных таварыстваў «Мурава», «Жураўлінае», «Велікасельскае Агра», «Агра-Калядзічы», «Ружаны-Агра», «Шані-аграпрадукт», «Пружанскае», філіяла «Айчына» і райаграсэрвіса. А вось работнікі ПМК-21 абаранялі гонар «Палессежылбуда», і даволі паспяхова. Валанцёрскую дапамогу аказвалі навучэнцы нашага каледжа, з чым яны справіліся на высокім прафесійным узроўні. Але раскажам па парадку пра ўсе спартыўныя падзеі мінулай пятніцы, арганізатарамі якіх выступілі абласная прафсаюзная арганізацыя работнікаў АПК і ўпраўленне па спорце і турызме аблвыканкама.
Старт спартакіядзе быў дадзены на гарадской плошчы каля Палаца культуры. Спачатку прайшоў яркі і відовішчны парад каманд да сцэны пад адкрытым небам. З вітальнымі словамі да ўдзельнікаў звярнуліся старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Саланевіч і намеснік старшыні райвыканкама Святлана Ханавец. Выступоўцы адзначылі, што аграрыі Брэстчыны дэманструюць высокія вынікі ў працоўнай дзейнасці. А значыць, механізатары і аператары, жывёлаводы, будаўнікі і аграномы змогуць паказаць сябе годна і на спартыўных арэнах.

Хлебам-соллю сустракала Пружаншчына ўдзельнікаў спаборніцтваў. Пасля вітальнага адраса старшыні райвыканкама Міхаіла Грышкевіча, які зачытала Святлана Ханавец, каманды накіраваліся да месцаў правядзення мірных баёў. Трэба адзначыць, што практычна ўсе спартыўныя аб’екты горада былі задзейнічаны ў мерапрыемстве, сваю залу выдзеліў і аграрны каледж. Даволі насычаная праграма ўключала спаборніцтвы па дзевяці відах спорту: валейболе, міні-футболе, лёгкай атлетыцы, настольным тэнісе, більярдзе, дартсе, стральбе кулявой, плаванні і гіравым спорце. Неабходна было правесці ўсе этапы на працягу некалькіх гадзін, каб потым перад ад’ездам гасцей падвесці вынікі. І арганізатары, і судзейская калегія справіліся з задачай на «выдатна».
У ходзе спартакіяды разыгралася сапраўдная барацьба! Да апошняй хвіліны не было вядома, якія каманды або спартсмены стануць лідарамі ў розных відах, а хто завалодае галоўным кубкам. Асабліва эфектнымі былі спаборніцтвы па валейболе і футболе – эмацыянальныя і вельмі прыгожыя. Нямала яркіх спартыўных момантаў можна было ўбачыць і на іншых пляцоўках. І на многіх з іх завадатарамі аказаліся спартсмены нашай раённай каманды.
Усяго пружанцы ўзялі чатыры асабістыя медалі і тры – у камандных заліках. «Золата» ў плаванні ў сваёй узроставай катэгорыі заваявала Ганна Касянюк з малочнага камбіната. «Серабро» атрымала ў лёгкаатлетычным кросе ў сваёй узроставай катэгорыі Лізавета Кураева з ААТ «Шані-аграпрадукт». Бронзавымі прызёрамі сталі Сяргей Базыльян з ААТ «Жураўлінае» ў штурханні гіры сярод мужчын у вагавой катэгорыі да 90 кг з вынікам у 112 паўтораў і Ілья Стасюкевіч з ААТ «Ружаны-Агра» – у плаванні. Таксама каманда Пружанскага раёна вызначылася ў валейболе («серабро»), штурханні гіры і кулявой стральбе («бронза»).

Па колькасці набраных ачкоў вынікам мінулай пятніцы стаў для пружанскай каманды кубак за другое месца ў абласных спартыўных гульнях. Толькі крыху нашы спартсмены саступілі пераможцам з Брэсцкага мясакамбіната, якія атрымалі галоўны кубак і грашовы сертыфікат на развіццё фізічнай культуры на сваім прадпрыемстве.
Акрамя таго, Падзяка ад абласной арганізацыі прафсаюзаў была ўручана і дырэктару Пружанскага аграрна-тэхнічнага каледжа Дзмітрыю Чайкоўскаму за выдатную арганізацыю работы валанцёрскіх атрадаў на правядзенні спартакіяды.
Па выніках спаборніцтваў будзе сфарміравана зборная вобласці, якая ўжо ў хуткім часе прадставіць аграпрамысловы комплекс Брэстчыны ў фінале Рэспубліканскай спартакіяды сярод работнікаў АПК у г. Пінску.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік