Суббота, 19 апреля 2025

Пружанская гарадская бібліятэка адзначыла сваё 25-годдзе (+многа фота)

534

Яе называюць храмам ведаў, пляцоўкай для правядзення вольнага часу і нават «аптэкай для душы». Роўна 25 гадоў таму ў жыхароў новага і самага сучаснага ў Пружанах мікрараёна «Паўночны» з’явілася менавіта такое месца — свая бібліятэка. Спачатку гэта быў філіял цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Міколы Засіма, які адкрыўся ў гандлёвым цэнтры «Гефест», сёння ж сустракаюць чытачоў у другім корпусе Палаца культуры, на Інтэрнацыянальнай, 26. Тут у мінулую нядзелю і адбылося святочнае асарці з нагоды юбілею чытацкай установы.

Святочную праграму невыпадкова назвалі «Юбілей у нас, свята ў вас». Справа ў тым, што з самых першых дзён работы бібліятэкі чытачы маюць магчымасць прадэманстраваць тут свае таленты. Пацверджаннем гэтаму сталі выставы творчых работ Валянціны Ляўчук і Наталлі Іванцовай, якія сустракалі гасцей у чытальнай зале.

Адразу ж у фае размясцілася тэматычная фотазона ў выглядзе вялізнага сэрца, складзенага з кніг.

Працавала і яшчэ адна выстава пад назвай «Нам 25!» Тут можна было ўбачыць артыкулы пра бібліятэку з нашай «раёнкі», у тым ліку самы першы, за 1999 год, пра яе ўрачыстае адкрыццё. Аўтарам гэтага матэрыялу быў наш калега, былы загадчык аддзела эканомікі сельскай гаспадаркі «Раённых будняў» Мікалай Архуцік, які зараз знаходзіцца на заслужаным адпачынку.

Цікава, што Мікалай Мікалаевіч разам з жонкай Галінай Васільеўнай на працягу ўсіх 25 гадоў з’яўляюцца актыўнымі наведвальнікамі і пастаяннымі чытачамі бібліятэкі. Пэўна, менавіта таму падчас сімвалічнай цырымоніі ўзнагароджання чытачоў, якую падчас свята правялі бібліятэкары, Архуцікаў адзначылі ў намінацыі «Сямейны дуэт». Яны ж таксама павіншавалі бібліятэку і ўручылі самы лепшы для яе падарунак — новыя кнігі. Мікалай Мікалаевіч, у сваю чаргу, узгадаў, як усё пачыналася, і выказаў упэўненасць, што шэлест кніжных старонак не здольны замяніць нават самыя сучасныя тэхналогіі.

Былі ўручаны падчас свята і шматлікія іншыя ўзнагароды. Як чытаючую сям’ю адзначылі Бароўскіх. Дыпломы і падарункі атрымалі Галіна Куц (у намінацыі «Ні дня без кнігі»), Вольга Хузіна як «Часопісны эксперт», Таісія Фанькіна — аматар кніг і часопісаў, і Людміла Шалаш — у намінацыі «Духоўныя каштоўнасці». Не забыліся і пра самых маленькіх чытачоў, дыпломы падчас святочнага асарці ўручылі Аліне Ліцкевіч, Івану Трафімовічу і Мілане Бартасевіч.

Словы падзякі гучалі як у адрас чытачоў — ад бібліятэкараў, так і ў адрас работнікаў чытацкай установы — ад дырэктара Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя М. Засіма Таццяны Гуторкінай. Па словах Таццяны Рыгораўны, бібліятэка была і застаецца патрэбнай чытачам.

— З першых дзён сваёй работы і да цяперашняга часу яна з’яўляецца самай наведваемай сярод бібліятэк Пружан. І ў гэтым заслуга тых, хто працуе і працаваў тут, — сапраўдных прафесіяналаў сваёй справы, тых, хто ведае літаратуру, умее стварыць цёплую і душэўную атмасферу, зацікавіць чытачоў, — сказала Таццяна Рыгораўна і скіравала самыя цёплыя пажаданні калектыву і наведвальнікам бібліятэкі.

Цікава, што ўсяго за 25 гадоў існавання Пружанскай гарадской бібліятэкі тут працавала 20 бібліятэкараў. Вядучыя святочнага асарці, загадчыца ўстановы Таццяна Ракіцкая і бібліятэкар Марыя Рудзіч, узгадалі тых, хто стаяў ля вытокаў стварэння бібліятэкі. А гэта Ніна Паўлюковіч, Юрый Котаў і Людміла Кашуба. Менавіта апошняя на працягу многіх гадоў была тут загадчыцай. І зараз, калі Людміла Сяргееўна знаходзіцца на заслужаным адпачынку, наведвальнікі ўспамінаюць яе з асаблівай цеплынёй і душэўнасцю. Цёпла віталі і тых бібліятэкараў, якія калісьці працавалі тут і сталі ганаровымі гасцямі свята: Антаніну Ярмушчык, Таццяну Мешчаракову, Васіля Брыкава, Іну Макарэвіч. Для калег-ветэранаў падрыхтавалі невялікія падарункі.

А падарункам для бібліятэкараў сталі словы падзякі ад чытачоў. Яны гучалі ў тым ліку ў відэавіншаваннях. Калектыву чытацкай установы дзякавалі «суседзі» — прадстаўнікі народнага ансамбля танца «Спадчына» і ўзорнага ансамбля танца «Круцёлачкі». Рэпетыцыі гэтых танцавальных калектываў праводзяцца ў тым ліку і тут, на другім паверсе другога корпуса Палаца культуры.

Дарэчы, яшчэ адным падарункам ад падрыхтоўчай групы «Спадчыны» былі танцавальныя нумары, якія гледачы маглі ўбачыць падчас святочнай праграмы.

Падзякі за вялікую дапамогу і заўсёдную адкрытасць да новых ідэй уручылі кіраўніку ансамбля Валянціне Іскаліевай, а таксама Наталлі Іванцовай, рэжысёру ўзорнай кантакт-студыі «Teens-фармат» гарадскога Палаца культуры.

Не застаўся ўбаку ад віншаванняў і калектыў аддзялення паштовай сувязі Пружаны-1, якое размяшчаецца ў гэтым жа будынку на Інтэрнацыянальнай, 26. Віншавалі праз відэа і маленькія чытачы — вучні 2 «А» класа пружанскай СШ № 5. Таксама малышы чыталі вершы падчас свята.

Яшчэ адным шчырым і душэўным віншаваннем стаў верш, прысвечаны Пружанскай гарадской бібліятэцы, ад ураджэнкі Пружан, кобрынскай паэткі Алены Котавай. На жаль, асабіста прысутнічаць на мерапрыемстве Алена не змагла, але таксама зрабіла невялікае відэа. Як расказала Алена Аляксандраўна, з гарадской бібліятэкай у яе звязаны самыя цёплыя ўспаміны: сюды заўсёды ляжала дарога па веды, сюды ж прыходзіла па літаратуру, зададзеную на лета (а зараз гэта робяць яе дзеці, калі прыязджаюць у Пружаны да бабулі), добрыя парады заўсёды давалі і бібліятэкары. Актыўным чытачом, па словах Алены Котавай, быў яе тата. Падзяку ж за верш ад чытацкай установы падчас свята атрымала матуля.

Не абышлося і без шматлікіх музычных нумароў. Добры настрой для гасцей стваралі салісты Белавусаўшчынскага СКБ Сяргей Калюта і Алеся Осіпава.

Парадавалі песнямі вакалісты Палаца культуры — гурт «Жамчужыны» і Ганна Рэчыц.

А яшчэ былі конкурсы, многа ўсмешак, добрага настрою і цудоўных эмоцый — словам, таго, што бібліятэка дарыла чытачам на працягу 25 гадоў сваёй работы і чым абяцае радаваць і надалей.

Нагадваем, што Пружанская гарадская бібліятэка чакае наведвальнікаў з панядзелка па пятніцу, з 10 да 19 гадзін, а таксама ў нядзелю з 9.00 да 17.00. Зараз яе кніжны фонд налічвае 20,6 тыс. экзэмляраў і рэгулярна абнаўляецца. Завітайце сюды, каб знайсці штосьці асаблівае для сябе!

З юбілеем, мая равесніца! Шматлікіх новых чытачоў, мноства цікавых сустрэч і доўгіх гадоў работы на карысць пружанцаў!

Уладзіслаў Шпарла.

Фота аўтара

Фотаальбомы са святочнага мерапрыемства глядзіце па спасылках: https://vk.com/album-23306785_302759213 і https://ok.ru/budni/album/978947393672