Спартсменка пружанскай спартыўнай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву № 2 Ганна Калінка паспяхова выступіла на адкрытых рэспубліканскіх спаборніцтвах «Кубак роднага краю».
Турнір на мінулым тыдні, з 12 па 15 красавіка, прымала сталічная «Малінаўка-Арэна». Склад удзельнікаў спаборніцтваў быў сапраўды ўнушальным — гэта як беларускія, так і расійскія юныя фігурысты. Цікава, што, каб падтрымаць спартсменаў, на спаборніцтвы прыязджала ганаровая госця — алімпійская чэмпіёнка-2006 у танцах на лёдзе, расійская фігурыстка Таццяна Наўка. Яна ж паўдзельнічала ва ўзнагароджанні ў першы дзень спаборніцтваў
Наша Ганна Калінка 12 красавіка выступіла з кароткай праграмай, пасля якой размясцілася ў прамежкавым пратаколе на другой пазіцыі. Больш паспяховым для фігурысткі выдаўся пракат адвольнай праграмы, які Ганна дэманстравала на наступны дзень. Першае месца тут з унушальным адрывам ад саперніцы ў больш чым 12 балаў дазволілі спартсменцы ў выніку заняць першае месца ў катэгорыі Senior — сярод дарослых фігурыстак.
Віншуем Ганну Калінку і яе трэнераў Вольгу Уважаную і Таццяну Хадаровіч. І адзначым, што ў гэтыя дні рэспубліканскія спаборніцтвы па фігурным катанні пад назвай «Кубак Пераможцаў» праходзяць ужо ў Пружанах. Так, сёння, у суботу, падтрымаць фігурыстаў у Лядовым палацы можна да 20.15 гадзін. У нядзелю, 21 красавіка, спаборніцтвы будуць праходзіць з 8.30 і прыкладна да 16.30. Уваход свабодны.
Уладзіслаў Шпарла
Фота з асабістага архіву Ганны Калінкі