Суббота, 14 декабря 2024

Пружанская дзіцячая школа мастацтваў імя Шырмы яскрава і весела адзначыла 65-гадовы юбілей (+многа фота)

420

Маштабнае мерапрыемства аб’яднала аматараў высокага мастацтва розных жанраў і накірункаў: харэографаў, мастакоў, музыкантаў. У саюзе творчых сэрцаў зліліся юныя таленты малодшага ўзросту, навучэнцы сярэдняга звяна, сёлетнія выпускнікі, бацькі, настаўнікі.

Лёгкія бальныя сукенкі, стужкі «Выпускнік», знаёмыя мелодыі трубы і саксафона. Чацвярговым вечарам у цэнтры Пружан было асабліва шматлюдна. Мерапрыемствы, прысвечаныя юбілею школы, цесна перапляліся з чарговым выпускам 2024 года.

Традыцыйна пад гукі школьнага духавога аркестра выпускнікі ва ўсёй красе крочылі па вуліцах роднага горада.

Завяршылася шэсце на плошчы ля гарадскога Палаца культуры, дзе і працягвалася святочная вечарына.

Адкрылі справаздачны канцэрт, вядома ж, віноўнікі ўрачыстасці. Дзве гадзіны жывога гуку, вывераных рухаў і чыстага голасу — дзе такое яшчэ ўбачыш? Выпускнікі паказалі свае таленты, падзяліліся майстэрствам з юнымі навучэнцамі, каму яшчэ трэба прайсці гэты складаны і дзіўны шлях. А малодшыя таксама выступілі з цудоўнымі нумарамі. Сумнення не застаецца: яны таксама абавязкова дасягнуць сваіх вяршынь.

— Школа мастацтваў — гэта тое самае месца, куды кожны раз хацелася вяртацца зноў і зноў, — кажа выпускнік Аляксей Баган. — Тут я не толькі набыў веды, сустрэў надзейных сяброў, але і навучыўся быць самім сабой, на мове мелодый і жэстаў выяўляць свае думкі і пачуцці. Вельмі шкада развітвацца з любімай школай. Увесь гэты час гукі музыкі сустракалі нас з парога, і кожны дзень мы адточвалі сваё майстэрства. Думаю, недарэмна, вы самі ўсё бачылі.

У гэтым годзе пасведчанні аб заканчэнні вучобы атрымліваюць 56 выпускнікоў Пружанскай ДШМ і яе філіяла ў аг. Клепачы. Гэта самы захапляльны момант вечара. Спачатку зала замірала, потым раздаваліся бурныя апладысменты. Бацькі не стрымлівалі слёз, педагогі радаваліся за сваіх падапечных, сэрца перапаўнялася пачуццём гонару і захаплення.

— Кожны год у канцы мая наша школа віншуе з заканчэннем навучальнага года юных навучэнцаў, а выпускнікоў — з завяршэннем пачатковага шляху ў захапляльны свет мастацтваў, — з хваляваннем гаворыць дырэктар Пружанскай ДШМ ім Р.Р. Шырмы Юлія Сядова. — Гэта заўсёды хвалюючы момант. Вельмі шкада расставацца з юнакамі і дзяўчатамі, у якіх уклаў часцінку сваёй душы. Ужо прыкіпелі сэрцам, і адрываць іх ад сябе вельмі цяжка. У гэтым годзе гэта яшчэ і падвойнае свята, таму рыхтаваліся доўга і старанна. Спадзяюся, усё атрымалася.

Безумоўна, атрымалася, ды яшчэ і як. Пад кіраўніцтвам цудоўных педагогаў, захопленых справай усяго жыцця, сцены школы сёлета пакідаюць восем выпускнікоў з дыпломам выдатніка. На сённяшні дзень у школе і філіяле працуюць 50 настаўнікаў і канцэртмайстраў, навучаецца 490 дзяцей і падлеткаў на музычным, выяўленчым і харэаграфічным аддзяленнях па 15 спецыяльнасцях. Школа працуе ў агульнаэстэтычным і прафесійным напрамках. У групе перспектыўных навучэнцаў займаецца 38 дзяцей. Для раённага цэнтра лічбы ўражваюць, вынік — відавочны. Сярод выпускнікоў школы — прафесійныя артысты, мастакі, выкладчыкі навучальных устаноў адукацыі, культуры і мастацтва, кіраўнікі самадзейных калектываў не толькі нашай рэспублікі, але і далёка за яе межамі.

Узгадалі ў гэты святочны дзень і тых, хто стаяў ля вытокаў. Сярод іх і Якаў Сямёнавіч Малайчук, які працаваў на пасадзе дырэктара 34 гады, у свой час за выдатныя дасягненні ў прафесійнай дзейнасці, значны асабісты ўклад у развіццё і прымнажэнне духоўнага і інтэлектуальнага патэнцыялу, культурнай спадчыны беларускага народа быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны. Па яго ініцыятыве школа са звычайнай музычнай пераўтварылася ў школу мастацтваў, стала насіць імя нашага выбітнага земляка Рыгора Раманавіча Шырмы.

А сёння нам застаецца пажадаць толькі аднаго — далейшых поспехаў і працвітання, новых адкрыццяў і здзяйсненняў. Непакораныя вяршыні заўсёды наперадзе. А калі ведаеш куды ісці, тады і вецер будзе заўсёды спадарожны!

Ірына Велясевіч.

Фота Кацярыны Масік

Фотаальбомы глядзіце па спасылках: https://vk.com/album-23306785_302811329 і https://ok.ru/budni/album/979128275336