«Мы — тое, што ядзім» — з нядаўняга часу да гэтых слоў Гіпакрата сталі ўважліва прыслухоўвацца не толькі прыхільнікі розных дыет. Пра тое, што ежа ўплывае на самаадчуванне, настрой і прыхільнасці чалавека, добра ўсвядомілі і… тураператары.
Сёння, па дадзеных Сусветнай турыстычнай арганізацыі «UNWTO», для кожнага трэцяга турыста ў свеце магчымасць паспытаць стравы нацыянальнай кухні з’яўляецца прыярытэтнай у выбары той ці іншай краіны. Пры гэтым каля 80% падарожнікаў плануюць свой маршрут — нават самы, здавалася б, шэдэўральны — згодна з календаром гастранамічных падзей прымаючай краіны-гаспадыні. «Паесці і папіць» — пункт № 1 на парадку дня любых турыстаў.
Больш за тое, згодна з даследаваннямі, менавіта ежа дапамагае чалавеку засвоіць і запомніць турыстычны вопыт. Вярнуўшыся дадому і атрымліваючы асалоду ад круасана ў родным кафэ, турыст міжволі ўспамінае пра Парыж з яго Эйфелевай вежай, а ўплятаючы за абе-дзве шчакі духмяны цэпелін, дзякуе Вільнюсу. Адным словам, шлях да сэрца турыста часта ляжыць праз страўнік.
Варта заўважыць, што, улічваючы смакавыя прыхільнасці сваіх кліентаў, вядучыя сусветныя турфірмы пачалі складаць так званую гастранамічную карту свету, на якой многія краіны і іх рэгіёны ўжо адзначаны своеасаблівымі сімваламі: Італія «завалена» пастай і памідорамі, Індыя «засыпаная» спецыямі, Японія «згорнутая» ў рулет сушы. Францыя ў чарговы раз вылучылася сваімі «сырнымі» здольнасцямі. А вось Беларусь…
А Беларусь, не кажучы ўжо пра рэгіёны, ва ўяўленні многіх замежнікаў да нядаўняга часу выглядала як адзін суцэльны дранік са шкваркай. Нібы нічога іншага мы, беларусы, не елі і не ямо. І нібы нічога, акрамя бульбы, прапанаваць гасцям не можам.
Але, на шчасце, паступова «гастранамічная» справядлівасць аднаўляецца! Асабліва радуе, што сваю лепту ў гэтым накірунку ўносяць і пружанскія прадстаўнікі турыстычнай сферы, якія, не забываем, працуюць ва ўмовах бязвізавай праграмы і вымушаны шукаць усё новыя шляхі прываблівання замежных турыстаў.

Вось нядаўна на IV Міжнародным форуме-выставе дзелавых кантактаў «БРЭСТ — 2019» пружанская дэлегацыя ў складзе намесніка старшыні райвыканкама Р.В. Супрыновіча, галоўнага спецыяліста райвыканкама А.Л. Лапыкі і спецыялістаў раённага фізкультурна-спартыўнага клуба «Мухавец» прэзентавала новы двухдзённы гастранамічны тур. На прэзентацыю былі запрошаны прадстаўнікі вядучых рэспубліканскіх і замежных турфірмаў і аператараў, якія праявілі непадробную цікавасць да турыстычнай «навінкі», а дакладней, «даўнінкі» Пружаншчыны.
Як ужо паведамлялася раней, новы турыстычны маршрут будзе праходзіць уздоўж аб’язной дарогі і галоўнымі яго аб’ектамі стануць вядучыя аграсядзібы раёна. Як мяркуецца, у перспектыве на кожнай з іх гасцей будуць частаваць традыцыйнымі мясцовымі стравамі, якія з цягам часу стануць для турыстаў адметнасцю нашай не проста нацыянальнай, а менавіта «пружанскай» ідэнтычнасці.

Чаго вартая адна толькі наша мясцовая «шклёндра», ды ўпрыкуску з сухопальскім «праснаком»! Для тых, хто з-за свайго ўзросту не ведае, што гэта такое, але каго мінулае ўпарта кліча дакрануцца да сваіх каранёў, скажу: шклёндра — гэта вельмі смачная ліверная каўбаса, а праснак — вельмі духмяны прэсны блін, пры замешванні якога выкарыстоўваецца вараная бульба.
З задавальненнем працягну пералічваць: тры — гэта духмяны хлебны каплун (прашу не блытаць з французскім пеўнем, укормленым для булёну!). Наш «пружанскі» каплун здольны ўразіць водарам без усялякай кураціны. Чатыры — «бацвінне», суп з маладых бурачкоў і іх лісточкаў. Пяць, шэсць, сем… Калі добра ўспомніць ды ў дадатак апытаць нашых пружанскіх старажылаў, дык пальцаў не хопіць, каб пералічыць усе нашы мясцовыя прысмакі. А яны ж здольныя аб’яднаць за сталом людзей розных нацыянальнасцей не горш за шашлыкі! Ну чым мы горшыя за тых жа французаў ці грузінаў?
Алена Зялевіч.