Суббота, 18 января 2025

Пружанская ЦРБ паступова выводзіць аддзяленні з «кавіднага» рэжыму і запрашае на рэвакцынацыю

838

Чацвёртая хваля каранавіруса ў Беларусі крыху пайшла на спад. Зменшыліся тэмпы прыросту захваральнасці і ў Пружанскім раёне. Цяперашняя эпідсітуацыя дазваляе паэтапна выводзіць стацыянарныя аддзяленні бальніцы з «кавіднага» рэжыму.

Вольга Барысюк, загадчыца паліклінікі.

У прыватнасці, як адзначае загадчыца паліклінікі Пружанскай ЦРБ Вольга Барысюк, нашы медыкі пачалі аказанне планавай меддапамогі ў акушэрскім аддзяленні, якое прайшло дэзапрацоўку.

Пасля правядзення мерапрыемстваў па дэзынфекцыі плануецца адкрыць для планавага лячэння таксама траўматалагічнае і першы паверх тэрапеўтычнага аддзяленняў.

Цяпер стацыянарная медыцынская дапамога пацыентам з COVID-19 і пнеўманіяй будзе аказвацца толькі ў інфекцыйным аддзяленні Пружанскай ЦРБ і ў стацыянарах горада Брэста.

— Што тычыцца цяжарных і парадзіх з інфекцыяй COVID-19, якія патрабуюць назірання і аказання меддапамогі ў стацыянарных умовах, то іх прымае Брэсцкі абласны радзільны дом, дзеці пры неабходнасці шпіталізуюцца ў абласную дзіцячую бальніцу, — кажа Вольга Паўлаўна.

Што да бальніц абласнога цэнтра, то ўжо аказваюць планавую меддапамогу аддзяленне таракаабдамінальнай хірургіі і трансплантацыі, а таксама кардыяхірургічнае аддзяленне абласной клінічнай бальніцы, аддзяленні абласнога анкадыспансера, гінекалагічныя аддзяленні абласнога радзільнага дома і Брэсцкай абласной бальніцы.

Скарочана на 96 адзінак колькасць дадатковых ложкаў, якія былі раней уведзены ў Брэсцкай цэнтральнай гарадской бальніцы і ў Брэсцкай гарадской бальніцы № 1. Пасля правядзення мерапрыемстваў па дэзынфекцыі профільную работу пачаў і Брэсцкі абласны скурна-венералагічны дыспансер, а таксама рэўматалагічнае, неўралагічнае, гастраэнтэралагічнае аддзяленні абласной бальніцы.

Сёння стацыянарная меддапамога пацыентам з COVID-19 і пнеўманіяй аказваецца ў Брэсцкай абласной бальніцы, Брэсцкай цэнтральнай гарбальніцы, Брэсцкай гарбальніцы №1, а таксама абласным процітуберкулёзным дыспансерам.

На сённяшні дзень у Брэсцкай вобласці працуе 265 арганізацый аховы здароў я, з іх 90 — бальнічныя. Агульная колькасць ложкаў — 13 тыс. 386 адзінак. Для процідзеяння COVID-19 было перапрафілявана каля 5 тыс. ложкаў.


А пацыентаў, у якіх пасля поўнага курсу вакцынацыі прайшло больш за 6 месяцаў, запрашаюць на рэвакцынацыю.

Усе пытанні па рэвакцынацыі неабходна ўзгадняць па тэл. 2-31-57.

Прышчапіцца можна ў Пружанскай паліклініцы штодзень з 8.00 да 19.30, у суботу — з 9.00 да 14.30 (улічваючы час на размарозку вакцыны і паўторны агляд пацыента праз 30 мінут).

Вакцынацыя ў магазіне «Белмаркет» праводзіцца ў рабочыя дні з 12.00 да 19.00 гадзін (субота і нядзеля — выхадныя).

У амбулаторыях агульнаўрачэбнай практыкі вакцынацыя праходзіць падчас працы амбулаторыі па ўзгадненні з урачом.

Алена Зялевіч. Фота Кацярыны Масік