Рэспубліканскія спаборніцтвы па фігурным катанні з мілагучнай назвай «Кубак блакітных азёр» прайшлі на мінулым тыдні ў Раўбічах.
Фігурысты з розных куткоў краіны з 21 па 23 кастрычніка змагаліся на базе Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту.

Адзінай прадстаўніцай ДЮСШ № 2 г. Пружаны на спаборніцтвах была Крысціна Валасюк. Фігурыстка выступала ў малодшай групе другога спартыўнага разраду.
Традыцыйна на турніры трэба было адкатаць кароткую і адвольную праграмы. І ў абедзвюх нашай спартсменцы не было роўных. Па выніках двух дзён спаборніцтваў Крысціна Валасюк набрала 78,83 бала і заняла першае месца ў сваім разрадзе. Пры гэтым сярэбраны прызёр адстаў ад Крысціны ажно на 18 балаў.
Удалае выступленне — вынік карпатлівых трэніровак пад кіраўніцтвам трэнераў Вольгі Уважанай і Юрыя Цішкова, а таксама харэографа Таццяны Хадаровіч.
Уладзіслаў Шпарла. Фота Вольгі Уважанай