Пружаны — сапраўды цэнтр цывілізацыі, праз які праходзяць шляхі, што злучаюць паміж сабой Захад і Усход, Поўнач і Поўдзень. У нашым райцэнтры размешчаны ажно дзве дарожныя арганізацыі, адна з якіх — ДЭУ-25 — абслугоўвае дарогі рэспубліканскага значэння.
На балансе прадпрыемства, якім кіруе Уладзімір Пунько, амаль 500 кіламетраў аўтатрас Р-7, Р-44, Р-50, Р-78, Р-78, Р-81, Р-83, Р-85, Р-98, Р-101, Р-102. Праходзяць яны праз шэраг раёнаў Брэстчыны: Пружанскі, Бярозаўскі, Камянецкі, Жабінкаўскі, Кобрынскі — і часткова закранаюць Гродзенскую вобласць. А ў дадатак да гэтага — каля сотні мастоў, дзвюх сотняў аўтобусных павільёнаў з пляцоўкамі для прыпынку грамадскага транспарту і амаль 6,5 тысячы дарожных знакаў.

Калектыву арганізацыі са 120 работнікаў штогод хапае працоўных клопатаў. Толькі з пачатку бягучага года пружанскія дарожнікі аднавілі пакрыццё на 21,5 кіламетра трас. Яны рамантавалі павільёны, наносілі дарожную разметку, выконвалі іншыя работы, а таксама прымалі ўдзел у падрыхтоўцы горада да святкавання юбілею: аднавілі пакрыццё на вуліцах Кобрынскай, Савецкай, Урбановіча і іншых.
Для рэалізацыі пастаўленых задач ДЭУ-25 мае ўласны ўчастак па вырабе дарожнай эмульсіі, участкі па ўкладцы і фрэзераванні асфальтабетону, набыта адпаведная спецтэхніка і абсталяванне.
Бясспрэчна, ДЭУ-25 можна аднесці да катэгорыі сучасных дарожных арганізацый, дзякуючы дзейнасці якіх Беларусь заўсёды славілася якаснымі аўтатрасамі.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік